Зяленскі не выключае поўнамаштабнай вайны з Расіяй

Прэзідэнт Украіны адзначыў, што калі Расія наважыцца на вайну з Украінай, то гэта будзе самай вялікай памылкай Масквы паведамляе www.dw.com.

58950458_303.jpg

Уладзімір Зяленскі не выключае магчымасці поўнамаштабнай вайны з Расіяй. Пра гэта ён заявіў у пятніцу, 10 верасня, калі адказваў на пытанне мадэратара форума Ялцінскай еўрапейскай стратэгіі — YES Brainstorming, што праходзіць у Кіеве.

«Лічу, можа быць. Патэнцыял у гэтай тэмы ёсць... Гэта будзе самай вялікай памылкай Расіі, пасля гэтага ніколі не будзе існаваць суседства Расіі, Украіны, Беларусі», — сказаў Зяленскі.

Украінскі лідар, калі казаў пра адносіны паміж дзвюма краінамі, раскрытыкаваў дзеянні Масквы ў медыяпрасторы. «Праблема ў тым, што інфармацыйная палітыка Расіі на сёння — яна пра непавагу да самастойнасці Украіны. І праблема не ў выбары таго ці іншага паліттэхнолага, які ўвёў гэты наратыў пра "рускі свет" і гэтак далей, а ў тым, што стаўленне ўкраінскага народа да рускіх пасля гэтага зламалася. Адносін няма», — адзначыў украінскі прэзідэнт.

Ён сказаў, што гатовы сустрэцца з расійскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным, але гэтая сустрэча павінна мець прадметны характар: «Мяне больш цікавіць, ці можам мы прадметна сустрэцца. Не дэкларатыўна, як ён робіць з некаторымі краінамі, а сапраўды сустрэцца больш прадметна, чым гэта было на першай сустрэчы ў “нармандскім фармаце”».