Польшча стварае дывізію за $7 млрд са штабам непадалёк ад Беларусі
Новая адзінка ў польскім войску пад назвай «18» будзе кантраляваць «гістарычныя кірункі нападу на Польшчу з усходу», паведамляе Gazeta Wyborcza.
Да 2026 года ў польскім войску будзе створаная новая дывізія. Яна стане «адказам на агрэсіўную палітыку Расіі», заявіў польскі віцэ-міністр абароны. Кошт стварэння і ўтрымання дывізіі цягам 10 гадоў складзе 7 млрд долараў.
Да гэтай пары ў Польшчы дзейнічаюць тры дывізіі: у Жагані (паўднёва-заходняя частка краіны), Шчэціне (паўночны захад) і Эльблонгу (паўночны ўсход). Новая дывізія размесціцца ў Седльцах, на ўсходзе Польшчы, за 70 км ад беларускай мяжы. Яна будзе называцца «18» — у гонар аднаўлення польскай незалежнасці ў 1918 годзе.
Як сказаў віцэ-міністар абароны Войцэх Скуркевіч, у мірны час у дывізіі будзе 7780 вайскоўцаў, з якіх 750 павінны быць афіцэрамі. У канцы фармавання яна мае складацца з трох брыгад. Дзве з іх ужо ёсць сёння. Трэцяй стане брыгада ў Любліне. Яе задачай мае быць кантроль тэрыторыі ад Берасця да гораду Пшэмысл, або, як сказаў польскі віцэ-міністар, «гістарычных кірункаў нападу на Польшчу з усходу».
Паводле польскага генерала Томаша Пятроўскага, на гэтай тэрыторыі павінны размяшчацца буйныя вайсковыя адзінкі, бо дапамога NATO будзе канцэнтравацца ў паўночна-заходняй Польшчы.
Польская апазіцыя назвала гэтае рашэнне «прапагандысцкім» і прынятым з парушэннем закону.
nn.by