«Праблему павінны вырашыць тыя, хто яе арганізаваў»
На беларуска-польскай мяжы ўжо тыдзень заблакаваная група ўцекачоў, піша «Свабода». З аднаго боку іх не ўпускае ў краіну польская памежная варта, а з іншага — беларускія сілавікі не дазваляюць вярнуцца ў Беларусь.

Пра сітуацыю мігрантаў з Ірака і Афганістана піша «Gazeta Wyborcza», называючы ўмовы, у якіх яны знаходзяцца, нечалавечымі. Гаворка ідзе пра памежны пас каля мясцовасці Уснаж Гурны на Беласточчыне.
Паводле польскага выдання, памежнікі не дазваляюць мясцовым жыхарам перадаць мігрантам ежу і спальныя мяшкі. Як даведалася «Gazeta Wyborcza» з неафіцыйных крыніц, беларусы забралі з пасу жанчын і дзяцей.
Не маючы аніякай магчымасці перамяшчацца, уцекачы стварылі там часовы лагер. Уначы яны паляць вогнішча, каб сагрэцца. Першапачаткова ў групе было каля 50 чалавек, у ёй былі сем’і з дзецьмі, было чуваць плач немаўлят. Сёння група зменшылася, у ёй ужо не заўважна жанчын і дзяцей.
«У лесе пад Уснажам засталіся толькі мужчыны. У іх стомленыя твары. У чацвер па беларускім баку з'явілася больш сілавікоў у форме, са зброяй», — піша выданне.

У сераду пасля абеду, калі пра здарэнне напісалі СМІ, жыхары навакольных вёсак прыходзілі да лагера, прыносілі ваду, ежу, коўдры, спальныя мяшкі. Але кіраўнік патруля па польскім баку адмовіўся прыняць рэчы для ўцекачоў. Паводле яго, гэта было б парушэннем закону, паколькі давялося б перакрочыць памежную лінію. Паводле сведак, якіх цытуе «Gazeta Wyborcza», яшчэ ў аўторак рэчы прымалі і нават самі памежнікі перадавалі ім некаторыя прадукты, але падыход змяніўся. Побач з'явіўся грузавы аўтамабіль, які закрывае від на лагер.

Тым часам у сераду міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Мацей Вонсік заявіў, што мігранты знаходзяцца не ў памежнай паласе, а на тэрыторыі Беларусі.
«Яны на тэрыторыі Беларусі, гэта беларуская праблема. Здаецца, што гэтую праблему павінны вырашыць тыя, хто яе арганізаваў, то-бок тыя, хто прывёў іх з Багдада ў Мінск, адкуль іх прывезлі на польскую мяжу. Наш абавязак — клапаціцца пра палякаў, іх бяспеку і спакой», — сказаў міністр.

«Amnesty International» i Хельсінкскі фонд правоў чалавека разам з іншымі арганізацыямі звярнуліся да польскіх улад з просьбай дапамагчы ўцекачам з Афганістана.
