Пуцін прынёс прабачэнні Аліеву за крушэнне самалёта Баку — Грозны

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін правёў тэлефонную размову з прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым, яны абмеркавалі крушэнне самалёта Azerbaijan Airlines у казахстанскім Актау. Пра гэта паведаміла прэс-служба Крамля.

Фота orda.kz

Фота orda.kz

Паводле паведамлення, Пуцін прынёс прабачэнні ў сувязі з тым, што «трагічны інцыдэнт» адбыўся ў паветранай прасторы Расіі, выказаў спачуванні сем'ям загінулых.

«У размове было адзначана, што азербайджанскае пасажырскае паветранае судна, якое рухалася строга па раскладзе, неаднаразова спрабавала зайсці на пасадку ў аэрапорт горада Грозны. У гэты час Грозны, Маздок і Уладзікаўказ атакавалі ўкраінскія баявыя беспілотныя лятальныя апараты, і расійскія сродкі СПА адбівалі гэтыя напады», — гаворыцца ў паведамленні Крамля.

У Крамлі таксама паведамілі, што Следчы камітэт Расіі распачаў крымінальную справу паводле артыкула аб парушэнні правілаў бяспекі руху і эксплуатацыі паветранага транспарту (артыкул 263 КК РФ). Расійскія ўлады сцвярджаюць, што «дапытваюцца грамадзянскія і вайсковыя спецыялісты».

Адзначаецца, што размова адбылася з ініцыятывы расійскага боку.


Глядзіце таксама

Самалёт авіякампаніі Azerbaijan Airlines, які рухаўся з Баку ў Грозны, разбіўся паблізу Актау (Казахстан) раніцай 25 снежня. Загінулі 38 чалавек.

Паводле інфармацыі Euronews і Reuters, прычынай крушэння самалёта стала расійская сістэма СПА. Reuters паведамляў, што ракета была выпушчаная па самалёце, які рухаўся з Баку ў Грозны, падчас «паветранай актыўнасці беспілотнікаў» над Грозным. Ракета выбухнула побач з самалётам, пашкодзіўшы яго абшыўку.

Праз два дні кіраўнік Расавіяцыі Дзмітрый Ядраў пацвердзіў, што ў момант заходу самалёта на пасадку ў аэрапорт Грознага горад атакавалі беспілотнікі, нагадвае «Мядуза». Ён сцвярджаў, што камандзіру самалёта прапаноўваліся іншыя аэрапорты ў Расіі для пасадкі, але ён прыняў рашэнне рухацца ў аэрапорт Актау. Крыніцы Euronews ва ўрадзе Азербайджана паведамілі, што экіпаж пашкоджанага лайнера запытваў аварыйную пасадку, але яму не дазволілі прызямліцца ні ў адным з расійскіх аэрапортаў.