«Рахунак за пад’ём F-18»: прысуд брытанскаму студэнту, які пажартаваў, як узарве Boeing

У ліпені 2022 года адораны 18-гадовы хлопец здзейсніў учынак на прэмію Дарвіна. Ён, калі знаходзіўся ў аэрапорце, адправіў жартоўнае паведамленне сваім сябрам праз публічны Wi-Fi. 

_vokladka.jpg

Далей падарожжа студэнта пайшло не па плане — контртэрарыстычная аперацыя, знішчальнікі F-18 побач з крыламі самалёта і суправаджэнне да пасадкі ў аэрапорце.

З чаго ўсё пачалося?

Пазамінулым летам Адыцыя Верма, былы шахматны вундэркінд індыйскага паходжання, набыў квіток з лонданскага аэрапорта Гатвік у іспанскую Менорку. Падчас чакання свайго вылету хлопец бавіў час і перапісваўся ў дадатку Snapchat. У адным са сваіх паведамленняў Верма вырашыў пажартаваць, што падарве самалёт, на якім ляціць. «Я збіраюся падарваць самалёт», «Я сябар Талібану», — напісаў хлопец у чаце сябрам.

Адыція Верма

Адыція Верма

Мала таго, што Snapchat з’яўляецца абсалютна неахованай ад чужых праглядаў сацыяльнай сеткай, падключэнне прылады было выканана па публічнай сетцы Wi-Fi аэрапорта! 

Па-першае, любая публічная сетка, нават у кавярні ці гандлёвым цэнтры, уразлівая для сачэння за дзеяннямі карыстальніка, тым больш калі прылада не абароненая адэкватнымі мерамі бяспекі. У неахованых сетках Wi-Fi даныя, такія, як чаты, могуць быць перахоплены з дапамогай праграмнага забеспячэння альбо іншых метадаў атакі. Гэта азначае, што будзь-хто можа бачыць і запісваць усю інфармацыю, уключаючы тэкставыя паведамленні з чату карыстальніка.

Па-другое, меры бяспекі ў аэрапортах ды іншых стратэгічных аб’етах працуюць на выкараненне нават мінімальнай патэнцыйнай пагрозы здзяйснення тэрарыстычнага акту.

Службамі бяспекі вядзецца маніторынг перапіскі пасажыраў з дапамогай спецыяльных праграмных сістэм. Гэтыя сістэмы могуць выкарыстоўваць алгарытмы машыннага навучання для выяўлення патэнцыйна небяспечных паведамленняў або ключавых слоў, звязаных з тэрарыстычнай дзейнасцю або іншымі супрацьпраўнымі дзеяннямі. Калі сістэма выяўляе, напрыклад, слова «падарваць», службы бяспекі адразу атрымліваюць паведамленне пра пагрозу.

Пасля агалоскі гэтай гісторыі адна з дзвюх прэтэнзій грамадства заключалася ў тым, што, атрымліваецца, за дзеяннямі кожнага чалавека сочаць «сур’ёзныя дзядзькі». 

Так, сапраўды, спецслужбы могуць убачыць вашу перапіску, але гэтага не адбудзецца да моманту пагрозы ці падобнага «жарту» з вашага боку. Больш за тое, яны маюць на гэта поўны дазвол, бо ніводнае права на прыватнасць асабістых даных не стаіць побач з дзяржаўнай бяспекай і жыццямі людзей. 

Рэактыўная кульмінацыя

У выніку, пасля ўзлёту самалёта, у якім знаходзіўся Верма, службы бяспекі Вялікабрытаніі перадалі іспанскім уладам паведамленне аб пагрозе тэрарыстычнага акту. Па сігнале трывогі вайскоўцы паднялі ў неба два знішчальнікі F-18 Паветраных сіл Іспаніі для суправаджэння Boeing да аэрапорта Меноркі.

Знішчальнік F-18 суправаджае Boeing Вермы

Знішчальнік F-18 суправаджае Boeing Вермы

Тут напрошваецца другое папулярнае пытанне: як вайсковыя самалёты могуць дапамагчы ў такім становішчы?

У выпадку, калі тэрарыст захопіць кабіну самалёта і накіруе яго ў бок населенага пункта ці іншае месца з натоўпам людзей, грамадзянскі самалёт будзе збіты кіруемай ракетай для паніжэння колькасці ахвяр. Выдатны прыклад таму — трагедыя 11 верасня 2001 года, калі сябры тэрарыстычнай арганізацыі «Аль-Каіда» разбілі самалёты аб хмарачосы, у выніку чаго колькасць загінулых і параненых павялічылася больш чым у 30 разоў.

Дагляд самалёта па прыбыцці ў Менорку

Дагляд самалёта па прыбыцці ў Менорку

Кадры знішчальнікаў побач з крыламі Boeing на рэйсе Вермы ўзрушылі свет: дзякуючы сваёй унікальнасці і бязглуздзіцы падзей гісторыя «выбухнула» у сацыяльных сетках і стала мемам. 

Паводле слоў Вермы, калі ён ўбачыў F-18, то спачатку падумаў, што гэта былі ваенныя вучэнні, звязаныя з расійска-ўкраінскай вайной. Пазней пілот звярнуўся да пасажыраў і ўдакладніў, што знішчальнікі знаходзіліся ў паветры праз памылкова пададзены сігнал бедства. 

Аплата за шоу

Спадар Адыцыя Верма, якому на той момант было 18 гадоў, быў арыштаваны адразу па прыбыцці ў аэрапорт Меноркі. Двое сутак хлопца трымалі ў ізалятары, а потым адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе з краіны. 

Крымінальная справа па нестандартным учынку была адкрыта адразу пасля затрымання, аднак суд над студэнтам адбыўся толькі ў гэты панядзелак. На ім Верма запэўніў, што нават і падумаць не мог, што хтосьці ўспрыме жарт у прыватнай суполцы такім чынам.

«Намер ніколі не заключаўся ў тым, каб выклікаць грамадскія пакуты або нанесці шкоду грамадскасці. Са школы гэта быў жарт з-за маіх асаблівасцей... Гэта было проста для таго, каб рассмяшыць людзей», — сказаў ён у сваю абарону і паабяцаў, што больш не будзе рабіць глупствы.

Затрыманне Адыцыя Вермы ў Менорцы

Затрыманне Адыцыя Вермы ў Менорцы

Паліцэйскія эксперты паведамілі суду, што яны прааналізавалі змест тэлефона Вермы. Хаця і выявілася, што ён даследаваў сутыкненні паміж Пакістанам і Індыяй ды магчымасць нападу Ісламскай дзяржавы ў гэтым раёне, яны не знайшлі нічога цікавага, што б звязвала Верму з джыхадыстамі. 

Студэнту не прад'яўлены абвінавачанні ў тэрарызме, яму не пагражае турэмны тэрмін, але ён можа быць аштрафаваны на суму да 22 500 еўра, калі будзе прызнаны вінаватым мадрыдскім судом.

Акрамя таго, Міністэрства абароны Іспаніі таксама патрабуе 95 000 еўра ў якасці кампенсацыі сваіх расходаў — за пад’ём F-18 з вайсковай базы ў горадзе Сарагоса ды аперацыю па перахопе Boeing.

Хаця гэтая гісторыя падаецца быццам бы нерэальнай, з яе можна зрабіць шэраг важных высноў. Як мінімум, не варта пісаць лухту праз публічную Wi-Fi сетку, як максімум — выконваць лічбавую гігіену і клапаціцца пра бяспеку вашай прылады.