Расія. Абмежаваць правы Пуціна

У Расіі прапанавалі абмежаваць права Пуціна выкарыстоўваць ваенную сілу за мяжой.

hqdefault_8.jpg


Фракцыі палітычнай партыі “Яблоко” ў трох рэгіянальных заканадаўчых сходах унеслі законапраект, які абмяжоўвае права прэзідэнта краіны выкарыстоўваць ваенную сілу за мяжой. Пра гэта 19 верасня паведамляе “Дождь”.

Адзначаецца, што ў прапанаваных партыяй папраўках гаворыцца, што тэрмін аператыўнага выкарыстання расійскіх узброеных сіл за межамі краіны павінен быць не даўжэй за 60 дзён, а неаператыўна — не больш за год.

Для падаўжэння тэрмінаў прэзідэнту трэба звярнуцца за ўхваленнем у Савет Федэрацыі. Папраўкі плануюць унесці ў закон “Аб абароне”.

Законапраект унесены ў профільныя камітэты пецярбургскага, карэльскага і пскоўскага заканадаўчых сходаў. Пра гэта распавялі старшыня партыі “Яблоко” Эмілія Слабунова і дэпутат Пскоўскага абласнога сходу Леў Шлосберг.

Для выхаду на федэральны ўзровень прапанаваныя папраўкі павінны быць ухваленыя дэпутатамі рэгіянальных парламентаў, а ў “Яблока” няма большасці ні ў адным з трох сходаў, у якія ўнесены законапраект.

Нагадаем, раней кандыдат у прэзідэнты Расіі ад апазіцыйнай палітычнай партыі “Яблоко” Рыгор Яўлінскі заявіў, што "Крым — тэрыторыя Украіны".

Паводле Корреспондент.net