Расія. Антыпуцінцы ствараюць баявую партыю
Па палітычных салонах Масквы ходзяць плёткі, што Вячаслаў Мальцаў, былы «нумар два» ў выбарчым спісе антыпуцінскай партыі ПАРНАС, стварае партыю новага, баявога кшталту.
Дакладныя контуры праекту Мальцава пакуль не зразумелыя. Аднак вядома, што яго асноўная задача — вывесці людзей на вуліцы ў лістападзе 2017 года і зрынуць рэжым Пуціна.
На цяперашнім этапе, быццам, ідзе фармаванне нейкіх камітэтаў супраціву, якія пазней, па словах блізкіх да Мальцава асобаў, плануецца аб’яднаць у адзіную структуру. Тое, што на такія архірэвалюцыйныя планы скрозь пальцы глядзяць шматлікія спецслужбы Расіі, ускосна пацвярджае версію, што Мальцаў працуе на Крэмль. Тым больш, што менавіта яго асоба абумовіла электаральную катастрофу лібералаў на вераснёўскіх выбарах у Думу (яны набралі смешныя 0,7 працэнта).
Напярэдадні выбараў Мальцаў прывёў у партыю шмат неанацыстаў, што падарвала давер да лібералаў. Новы праект Мальцава таксама азначае, што яго, хутчэй за ўсё, выганяць з шэрагаў ПАРНАС.
Праўда, ці зможа рэабілітавацца партыя Кас’янава пасля Мальцава — пытанне пакуль адкрытае. Нездарма лідары ПАРНАС прызналіся, што вядуць перамовы з партыяй «Яблоко» наконт аб’яднання дзвюх партый на адной пляцоўцы. У цяперашняй сітуацыі такой платформай, відавочна, можа быць выключна партыя Яўлінскага.
Паводле расійскай прэсы