Беларусы збіраюць подпісы за закрыццё мяжы з Расіяй

На айчынным партале для электронных зваротаў Petitions.by з'явілася петыцыя, у якой грамадзяне Беларусі выступаюць за неадкладнае вяртанне паўнавартаснага пагранічнага, пашпартнага і мытнага кантролю на мяжы з Расіяй.

Фота з сайта Petitions.by

Фота з сайта Petitions.by


Не сакрэт, што неабходнасць падобнай меры даўно наспела: рашэнне аб стварэнні так званай «саюзнай дзяржавы», калі прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і тагачасны прэм'ер-міністр Расіі Віктар Чарнамырдзін ў пачатку 1995 года ўласнаруч выкапалі пад Смаленскам апошні памежны слуп, магло лічыцца дарэчным толькі толькі пакуль РФ адносна цывілізавана паводзіла сябе на міжнароднай арэне. Напад на Грузію ў 2008 годзе з акупацыяй яе рэгіёнаў Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, анэксія ўкраінскага паўвострава Крым і захоп часткі Данбаса ў 2014-м, а пазней агрэсія ў Сірыі ў 2015-2016 гадах прымушаюць сур'ёзна задумацца не пра тое, як развіваць адносіны з такім суседам, а як засцерагчы сябе ад яго. Тым больш, што сусед і без збройнага канфлікту падкідвае Беларусі цэлую кучу сур'ёзных праблем.
Адсутнасць мытнага і памежнага кантролю на мяжы нашай дзяржавы з Расійскай Федэрацыі пагражае эканамічнай і грамадскай бяспецы нашай краіны, — гаворыцца ў петыцыі, пад якой цяпер масава падпісваюцца беларусы. — Паводле дадзеных МУС краіны, больш за 60% кантрабанднага тавару незаконна ўвозіцца ў Беларусь менавіта з Расійскай Федэрацыі. Ценявы рынак няякаснага алкаголю (так званай «палёнай» гарэлкі) з Расіі складае ў сярэднім каля 200 мільёнаў даляраў ЗША ў год. Але найбольш небяспечным з'яўляецца бясконцая плынь нелегальных наркатычных і псіхатропных рэчываў з суседняй краіны — так званых «спайсаў». Нават больш за тое: па апошніх міліцэйскіх дадзеных стала вядома, што ў Магілёве быў затрыманы грамадзянін Расіі з цэлым арсеналам баявой зброі. Нярэдкія выпадкі пранікнення на нашу тэрыторыю з боку ўсходняга суседа сутэнёраў і многіх іншых злачынных элементаў. Усё гэта пагражае жыццю і здароўю нашых грамадзян і падрывае грамадскі парадак. У сувязі з гэтым, мы, ніжэйпадпісаныя грамадзяне Рэспублікі Беларусь, патрабуем распрацоўкі мер па ўвядзенні і ажыццяўленні пастаяннага мытнага і памежнага кантролю на мяжы нашай дзяржавы з Расійскай Федэрацыяй.
Нагадаем, што патрабаванні аўтараў петыцыі маюць пад сабой нямала падстаў: дастаткова ўспомніць, як міліцыя затрымлівала ў Мінску наркагандляроў, якія прывезлі да нас не толькі «Спайс», але і расійскі сцяг, а ў Бабруйску двое прадстаўнікоў суседняй краіны займаліся гандлем рабамі, вывозячы маладых беларусак у Маскву для занятку прастытуцыяй. Стваралі расейцы ў Мінску і фінансавыя піраміды, з дапамогай якіх дурылі добрапрыстойных беларускіх грамадзян. Што ж тычыцца праблемы «палёнай» гарэлкі, то яна падымалася нават на ўзроўні вышэйшага кіраўніцтва МУС Беларусі, а фактамі кантрабанды наркотыкаў і псіхатропаў з Расіі абураны нават беларускі прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Тым не менш, улады нашай краіны пакуль ні разу не ўздымалі пытання аб дэнансацыі дамовы аб стварэнні саюзнай дзяржавы з Расійскай Федэрацыяй, і простыя грамадзяне краіны вырашылі ім у гэтым дапамагчы.
Паводле by24.org