Расійскія памежнікі абстралялі судна КНДР у Японскім моры, ёсць ахвяры
Расійскія памежнікі абстралялі і затрымалі паўночнакарэйскае прамысловае судна «Дае Янг 10», якое ўвайшло ў выключную эканамічную зону Расіі ў Японскім моры.
Як паведамляе ФСБ Расіі, пры затрыманні паўночнакарэйскага судна было паранена дзевяць членаў каманды судна-парушальніка, адзін з параненых пазней памёр. Раненне галавы атрымаў таксама адзін з расійскіх памежнікаў пры спробе агляду судна.
Судна «Дае Янг 10» было затрымана раніцай у суботу. У ходзе правядзення агляду, па паведамленні ФСБ, на судне былі знойдзеныя незаконна здабытыя водныя біярэсурсы, а каманда «Дае Янг 10» пры правядзенні праверкі паводзіла сябе агрэсіўна ў адносінах да членаў агляднай групы.
У 16:55 па мясцовым часе (10:55 па Мінску) паўночнакарэйскае судна з 48 грамадзянамі КНДР на борце, не падпарадкоўваючыся патрабаванням памежнікаў, пачало рух на выхад з выключнай эканамічнай зоны Расіі.
«Пры гэтым паўночнакарэйская каманда працягнула агрэсіўныя дзеянні, на папераджальную стральбу са стралковай зброі не рэагавала», — гаворыцца ў паведамленні ведамства.
Паводле дадзеных ФСБ, расійскія памежнікі некалькі разоў адкрывалі папераджальны агонь, на які каманда судна КНДР не рэагавала, пасля чаго памежнікі адкрылі стральбу на паражэнне з буйнакалібернага кулямёта.
У выніку паўночнакарэйскае судна страціла ход і легла ў дрэйф.
Паводле nn.by