Карыкатура Сяргея Ёлкіна
Пенсіянер Мікалай Ягораў, які падпрацоўваў ахоўнікам асфальтабетоннага завода, быў прызнаны судом вінаватым у распальванні нянавісці па нацыянальнай прыкмеце (частка 1 артыкула 282 КК РФ).
Цывільскі раённы суд Чувашыі прысудзіў пенсіянера да двух гадоў умоўна. Мікалая Ягорава абвінавацілі ў тым, што ён зрабіў перапост матэрыялу, прызнанага экстрэмісцкім, — адкрытага ліста публіцыста
Барыса Стамахіна, паведамляе
www.dw.com.
Пра гэта ў пятніцу, 14 кастрычніка, паведаміў адвакат 62-гадовага Мікалая Ягорава — Яўген Губін. "Мы не згодныя з прысудам суда, і пасля яго дэталёвага вывучэння будзем яго абскарджваць", — адзначыў адвакат.
Па версіі следства, пенсіянер 8 мая 2014 года размясціў у сябе на асабістай старонцы адкрыты ліст Стамахіна. Зрэшты, сам пенсіянер сцвярджае, што не рабіў гэтай публікацыі. "З-за невялікай абазнанасці ў спецыфіцы інтэрнэту" доступ да яго акаунта "мае неабмежаваная колькасць людзей", — падкрэсліў адвакат.
У апошнія гады колькасць асуджаных за экстрэмізм у Расіі няўхільна расце. У 2015 годзе колькасць абвінаваўчых прысудаў павялічылася да 544, што прыкладна на 30 працэнтаў больш ў параўнанні з 2014 годам.
Нагадаем, самога Барыса Стамахіна ў Расіі чарговым разам асудзілі
за экстрэмізм увесну 2015 года на 7 гадоў зняволення. Тады следства палічыла,
што Стамахін напісаў і апублікаваў у інтэрнэце артыкул пад загалоўкам "І
пару вакзалаў падарваць чыгуначных", у якім змяшчаюцца прыкметы экстрэмізму.
На думку адвакатаў Стамахіна, пракуратура не здолела даказаць, што артыкул
сапраўды напісаў іх падабаронны. Стамахін раней быў двойчы асуджаны за
злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці. У 2007 годзе ён атрымаў пяць гадоў за
заклікі да тэрарызму, а ў 2014 годзе — яшчэ шэсць з паловай гадоў за экстрэмізм
і заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці. У якасці дадатковага пакарання Стамахіну
на пяць гадоў забаранілі займацца журналістыкай.