Расійскі дэпутат публічна заклікаў увесці войскі ў Беларусь. МЗС маўчыць

Дэпутат Дзяржаўнай думы Расіі, старшыня партыі «Радзіма» Аляксей Жураўлёў 19 красавіка ў эфіры праграмы «60 хвілін» на дзяржаўным тэлеканале «Расія-1» заклікаў ўвесці ў Беларусь войскі.

«Ветлівыя людзі» ў Крыме ў 2014-м

«Ветлівыя людзі» ў Крыме ў 2014-м


Дэпутат Жураўлёў, выказваючы заклапочанасць інфармацыяй пра нібыта падрыхтоўку замаху на Аляксандра Лукашэнку, запатрабаваў неадкладна ўвесці расійскія войскі ў Беларусь, піша «Беларускі партызан».

«Для амерыканцаў кагосьці забіць — гэта нармальна!» — заявіў ён, дадаўшы, што «за траянскім канём у Беларусі, відавочна, тырчаць амерыканскія вушы».

Дэпутат беларускай Палаты прадстаўнікоў, які таксама прысутнічаў на запісе перадачы, Сяргей Клішэвіч заявіў, што гэта з’яўляецца залішнім і што расійскія войскі ў Беларусі ёсць. У выпадку неабходнасці яны, паводле яго слоў, могуць забяспечваць бяспеку ўладам краіны са Смаленска.

Каментуючы гэта ў сваім тэлеграм-канале, расійскі палітолаг Андрэй Суздальцаў выказаў сумнеў у праўдзівасці паведамленняў дзеючых улад Беларусі пра падрыхтоўку перавароту.

«Можна зразумець дэпутата. Калі мы сапраўды верым кіраўніку беларускай дзяржавы (а чаму нам яму не верыць? Вядома, верым!) пра тое, што са жніўня мінулага года рэспубліка фактычна падвяргаецца агрэсіі, то Масква проста не выконвае свой саюзніцкі абавязак і не абараняе Беларусь, якой пагражаюць ці то абодва польскія танкі і эскадрон "крылатых" гусар, ці то нейкія дывізіі тэрарыстаў і эшалоны зброі, якія бесперапынным патокам ідуць праз беларуска-ўкраінскую ахоўваемую (!) мяжу, ці то інтрыгі амерыканскага ЦРУ і выдатна падрыхтаваных мускулістых і прыгучых беларускіх эмігрантаў-рэйнджараў у асобе таго ж Аляксандра Фядуты.

Расіі сапраўды даўно час ўвесці войскі і падвесці іх да заходняй мяжы Саюзнай дзяржавы — і праблема з бяспекай не толькі Лукашэнкі і яго дзяцей, але і самой Беларусі будзе назаўжды знятая, як з расійскім Крымам», — напісаў палітолаг.

Міністэрства замежных спраў Беларусі пакуль ніяк не прарэагавала на патрабаванне расійскага палітыка, дэпутата і старшыні палітычнай партыі з суседняй краіны ўвесці замежныя войскі на нашу тэрыторыю. Беларускія пракуратура і Следчы камітэт, якія так любяць шукаць «тэрарыстаў» сярод нашых грамадзян, таксама не паведамляюць пра заведзеную справу па фактах «заклікаў да звяржэння канстытуцыйнага ладу».