Навальнага змясцілі ў адзіночную камеру сухотнай лякарні. На заўтра расійская апазіцыя анансуе пратэсты

Галоўны апанент Уладзіміра Пуціна працягвае адбываць пакаранне ў калоніі ва Уладзімірскай вобласці, цягам якога зацята трымае галадоўку. Пратэст Навальнага скіраваны на тое, каб яму далі сустрэцца з асабістым лекарам. Пад ціскам грамадскасці яму нібыта гэта абяцалі, але што з таго выйшла, сёння распавёў адвакат палітыка.

maxresdefault_118.jpg

— Да пытання аб тым, як Навальны змяшчаецца ў «шпіталі» і як яму аказваецца медыцынская дапамога.

Ён знаходзіцца ў адзіночнай камеры сухотнай бальніцы калоніі строгага рэжыму. Яго шпіталізавалі ў нядзелю і ўвечары з чацвёртага разу зрабілі кропельніцу з глюкозай.

Учора ўвечары тры медсястры выканалі шэсць спроб зрабіць яшчэ адну кропельніцу, але так і не змаглі трапіць у вену. Цяпер толькі ўсе рукі сколатыя і ў сіняках.

На гэтым «лячэбныя працэдуры» ФСВП скончаныя. Больш нічога не было і не верце ні аднаму іх слову, — напісаў у сваім твітары адвакат Вадзім Кобзеў.

Увогуле, прадстаўнікі абароны палітыка настойваюць, што ён не атрымлівае неабходнага медыцынскага дагляду ў медыцынскай частцы калоніі. Напярэдадні паведамлялася, што Навальнага перавялі з адной папраўчай установы Уладзімірскай вобласці ў калонію №3.

Прыхільнікі апазіцыянера хочуць правесці заўтра ў дзясятках расійскіх гарадоў акцыю ў яго падтрымку. Улады папярэджваюць, што мерапрыемствы не ўзгодненыя, піша «Рэха Масквы».

200279200944_87602.jpg