Расійскім пілотам рэкамендавалі падрыхтавацца да палётаў без GPS

Расавіяцыя папрасіла авіякампаніі падрыхтавацца да палётаў без выкарыстання глабальнай навігацыйнай спадарожнікавай сістэмы (GPS).

_aeraport__samalet___vylet__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg

Пра гэта паведамляюць расійскія «Известия» са спасылкай на ліст намеснік кіраўніка ведамства Дзмітрыя Ядрова гендырэктару «Дзяржкарпарацыі па арганізацыі паветранага руху» Ігару Маісеенку і начальнікам міжрэгіянальных тэрытарыяльных упраўленняў агенцтва.

У лісце гаворыцца, што гэтыя рэкамендацыі звязаныя з паведамленнем Еўрапейскага авіярэгулятара ад сярэдзіны сакавіка аб «глушэнні» і магчымай падмене сігналаў GPS (спуфинг). Падобныя выпадкі нібыта былі зафіксаваныя пасля 24 лютага пры палётах у раёне Калінінградскай вобласці, каля краін басейна Балтыйскага мора, Фінляндыі, у Чорным моры, у раёне Усходняга Міжземнамор'я, Ізраіля, Кіпра, Лівана, Сірыі, Турцыі і паўночнай часткі Ірака.

Зрэшты, прадстаўнікі «Аэрафлота», S7, «Расіі», «Іраэра» і «Победы» паведамілі, што пасля 24 лютага пілоты не заўважалі збояў GPS. Ва «Уральскіх авіялініях» заявілі, што сігнал GPS мог знікаць і раней, кампанія не фіксавала значнага росту гэтых выпадкаў.

Ядроў рэкамендаваў расійскім пілотам паведамляць дыспетчарам аб «збоях, пагаршэнні і анамальнай працы GPS» або звязанай з ёй авіёнікі, а авіякампаніям — ацаніць рызыкі з-за магчымых збояў навігацыйных прыбораў, якія выкарыстоўваюць сігнал GPS, і адпрацаваць гэтыя рызыкі на занятках з лётным складам.

Паводле ліста, Расавіяцыя рэкамендавала пілотам быць гатовымі да ўзлёту і пасадкі без прымянення спадарожнікавага сігналу і выкарыстання дублюючых сродкаў паветранай навігацыі. Пры палётах паблізу некаторых раёнаў ведамства заклікала кантраляваць становішча самалётаў з дапамогай «традыцыйных навігацыйных сродкаў», а таксама правяраць даступнасць радыётэхнічных сродкаў, якія маюць вырашальнае значэнне для палёту па зададзеным маршруце і заходу на пасадку.

Паводле АФН