Расследаванне катастрофы MH17: Следчыя да гэтага часу чакаюць інфармацыі ад РФ аб ЗРК «Бук»
Сумесная следчая група па справе збіцця авіялайнера «Малайзійскіх авіяліній» у 2014 годзе над Данбасам апублікуе першыя вынікі расследавання ў пачатку восені.

Следчая група паведамляе, што будуць апублікаваныя дадзеныя пра тып узбраення, з якога быў збіты самалет рэйса MH17, і дакладнае месца пуску гэтага ўзбраення.
Сумесная следчая група ўдакладніла, што раней спадзявалася завяршыць гэтую частку расследавання да канца паўгоддзя, але некаторыя пытанні забралі больш часу, чым разлічвалі. Але, запэўнілі ў пракуратуры, расследаванне знаходзіцца на вельмі прасунутай стадыі.
Сярод іншага, гаворыцца ў паведамленні, следчая група да гэтага часу чакае інфармацыю ад Расіі пра зенітна-ракетныя комплексы «Бук».
У Сумеснай следчай групе падкрэслілі, што насуперак паведамленням некаторых сродкаў інфармацыі, яна не апублікуе поўнай справаздачы аб расследаванні ў канцы лета. Вынікі расследавання будуць аформленыя па крымінальнай справе, якая павінна быць разгледжана судом або трыбуналам — гэта звычайная працэдура пры крымінальным расследаванні, адзначылі ў паведамленні.