Расследаванне выявіла датычнасць Мінска да мігрантаў у Літве

Да міграцыйнага крызісу ў Літве датычныя беларускія ўлады. Пра гэта гаворыцца ў расследаванні цэнтра «Досье» Міхаіла Хадаркоўскага і нямецкага выдання «Der Spiegel», перадае «Свабода».

58220202_303.jpg

Расследавальнікі сцвярджаюць, што перавозку пераважна грамадзян Іраку да беларуска-літоўскай мяжы ажыццяўляла турыстычная фірма «Цэнтркурорт». Яна ўваходзіць у структуру Кіраўніцтва справамі Аляксандра Лукашэнкі.
Аўтары расследавання мяркуюць, што Мінск вырашыў выкарыстоўваць мігрантаў для шантажу еўрапейскіх краін у адказ на санкцыі ЕС у дачыненні да беларускіх улад. Калі вясной 2021 года колькасць уцекачоў, якія трапляюць у Еўрасаюз з беларускага боку, лічылася дзясяткамі, то да лета паток вырас да 100 чалавек за дзень, сказана ў публікацыі.
Журналісты таксама звяртаюць увагу, што з траўня пачала рэзка расці колькасць рэгулярных рэйсаў з Багдада ў Мінск. Перавозкамі займаліся авіякампаніі «Iraqi Airways» і «Fly Baghdad».
З апублікаваных фатакопій дакументаў вынікае, што «Цэнтркурорт» заключыў дамову з беларускай турыстычнай кампаніяй «Оскатур», якою кіруе Салах Мухэймэн Аль-Асадзі. Паводле дамовы, кампаніі павінны займацца развіццём міжнароднага турызму паміж Рэспублікай Беларуссю і арабскімі краінамі.
Расследавальнікі адзначаюць, што неўзабаве «Оскатур» пачаў складаць справаздачы перад «Цэнтркурортам» аб кантактах з авіякампаніяй «Fly Baghdad». Праз некалькі тыдняў пасля гэтага авіяперавознік пачаў лётаць у Мінск.
Акрамя таго, сцвярджаецца, што фірма «Оскатур» прасіла «Цэнтркурорт» дапамагчы з атрыманнем віз для некалькіх дзясяткаў грамадзян Ірака, хоць візавымі пытаннямі займаецца МЗС, а не Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі.