Рэгіёны рвуцца да ўлады
Партыя Індыйскі нацыянальны кангрэс (INC), сімвалам якой з’яўляецца палітычная дынастыя Гандзі, катастрафічна прайграла выбары. На авансцэну індыйскай палітыкі выйшлі новыя сілы ў выглядзе рэгіянальных партый.
За час існавання Індыйскага нацыянальнага кангрэсу, які быў створаны аж у 1885 годзе, было шмат і добрага і кепскага. У тым ліку мелі месца і правалы на выбарах. Аднак такой катастрофы партыя дакладна яшчэ не ведала. На майскіх выбарах у парламент INC атрымаў толькі 19 працэнтаў галасоў. Нагадаем, што перамогу святкавала «Бхара́ція джа́ната па́рці» (BJP) — Індыйская народная партыя. Як вынік — у ніжняй палаце індыйскага парламента будзе засядаць усяго 42 прадстаўнікі INС.
З моманту здабыцця Індыяй незалежнасці прыкладна да сярэдзіны 1960-х гадоў у партыйна-палітычнай сістэме краіны ІNС быў вядучай партыяй, прычым на ўсіх дзяржаўных узроўнях. З дзейнасцю ІNС звязаны цэлы шэраг важных пераўтварэнняў у сацыяльна-эканамічным жыцці краіны. Са з'яўленнем партыі BJP (пераемніца партыі «Бхарація джана сангх») паўсталі перадумовы да ператварэння індыйскай партыйнай сістэмы ў двухпартыйную, хаця яна яшчэ некаторы час заставалася шматпартыйнай з адной дамінуючай партыяй. Тэндэнцыя да двухпартыйнасці выразна выявілася ў 1977 годзе, калі апазіцыя ўпершыню перамагла на парламенцкіх выбарах ІNС і сфармавала свой урад.
З таго часу INC і BJP некалькі разоў мяняліся каля руля кіравання краінай. Пры гэтым прыкладна з сярэдзіны 1990-х гадоў склалася сітуацыя, пры якой ні адна агульнанацыянальная партыя не магла самастойна забяспечыць сабе трывалую большасць у парламенце і стварыць стабільны аднапартыйны ўрад. Такім чынам, узнікла формула, паводле якой буйная нацыянальная партыя можа сфармаваць урад толькі ў кааліцыі з шэрагам рэгіянальных партый.
Індускія рэгіянальныя партыі — дастаткова цікавая з'ява. Рэгіянальныя партыі пачалі стварацца ў Індыі яшчэ да абвяшчэння незалежнасці. Напрыклад, у часы брытанскага каланіялізму існавала партыя тамілаў, якая заклікала да стварэння тамільскай незалежнай дзяржавы ў выпадку дэкаланізацыі Індыі. Была свая партыя ў сікхаў, якія патрабавалі стварыць для сікхаў асобную адміністратыўную адзінку.
Што тычыцца іншых рэгіёнаў, то тут рэгіяналісты паўсталі ў рамках пратэстаў пачатку 1950-х гадоў на хвалі кампаніі супраць надання хіндзі статусу афіцыйнай мовы. На месцах баяліся, што наступствам такога моўнага закону будзе татальная культурная асіміляцыя нацыянальных меншасцяў. У выніку рэгіёны перамаглі. У цяперашняй рэдакцыі індыйскай канстытуцыі дзяржаўны статус маюць 18 моваў. Акрамя таго, штатам далі поўную аўтаномію ў гэтай сферы. Не дзіўна, што некаторыя індыйскія штаты маюць некалькі афіцыйных моваў. Рэкорд трымае штат Сікім, што на паўночным усходзе краіны, у Гімалаях. Тут дзяржаўнымі прызнаныя чатыры мовы.
Працэс стварэння новых партый у рэгіёнах па сутнасці працягваецца дасюль. Ёсць шмат рэзонаў, каб ствараць рэгіяналісцкія партыі. Напрыклад, супярэчлівыя межы паміж штатамі. У штаце Асам даўно патрабуюць адміністратыўна-тэрытарыяльнай рэформы, што стала прычынай стварэння рэгіянальнай партыі. Вельмі часта лакальныя партыі ўзнікаюць на базе расколаў філіялаў нацыянальных партый. Так узнікла, напрыклад, партыя All India Trinamul Congress у Заходняй Бенгаліі. Лакальная радыкальная індуісцкая партыя Shiv Sena ў Бамбеі ўзнікла падчас кампаніі супраць таго, каб мясцовыя прадпрымальнікі бралі на працу гастарбайтэраў з іншых штатаў.
Сярод лакальных партый, якія з'явіліся ў 1950-я гады, сустракаліся вельмі радыкальныя. Так, у праграме вядучай тагачаснай тамільскай партыі DMK пункт аб неабходнасці стварэння незалежнай дзяржавы знік толькі напрыканцы 1970-х гадоў. У дадатак некаторыя партыя ледзь не адкрыта падтрымлівалі вайсковае нацыяналістычнае падполле.Тая ж DMK сімпатызавала тэрарыстычнай арганізацыі «Тыгры вызвалення Таміл-Ілама», якая дзейнічае на Шры Ланцы. Блізкай ды ісламскіх тэрарыстаў нейкі час была партыя Akali Dal — арганізацыя сікхаў з Пенджабу.
Аднак паступова рэгіянальныя партыі перайшлі на больш рэфармісцкія пазіцыі і адмовіліся ад ідэі выхаду са складу індыйскай федэрацыі. Аналіз іх цяперашніх праграмных пастулатаў дазваляе запісаць рэгіяналістаў у падвід сацыял-дэмакратаў або сацыял-папулістаў. Пачынаючы з 1990-х гадоў, дайшло да таго, што некаторыя з рэгіяналістаў падчас нацыянальных выбараў сталі заключаць тактычныя саюзы з тымі ж індуісцкімі нацыяналістамі, якія, па іх словах, быццам, намагаюцца цалкам зачысціць Індыю ад неіндуісцкага насельніцтва.
Аднак цяпер яны больш не задаволеныя роляй малодшага партнёра. Як паведамляе ўплывовая газета «The Hindu», некалькі рэгіяналісцкіх партый у парламенце вырашылі стварыць альянс, каб разам выступаць на нацыянальным узроўні. Галоўны нюанс у тым, што колькасна ў рэгіяналістаў больш мандатаў, чым у ІNС. Гэта значыць, што менавіта яны будуць выконваць функцыю апазіцыі ўраду BJP, а ІNС страціць гэту ролю.
У Індыі апазіцыю паважаюць, і ёй надаюць прывілеі. Па традыцыі, лідар самай вялікай апазіцыйнай фракцыі ў парламенце атрымлівае пасаду віцэ-спікера. Прадстаўніку апазіцыі таксама даюць пасаду кіраўніка рэвізійнай камісіі па фінансавых і бюджэтных пытаннях. Праўда, каб стаць галоўнай апазіцыйнай сілай, рэгіяналістам трэба яшчэ знайсці паміж сабой агульную мову. Усяго ў кааліцыі вырашылі ўдзельнічаць тры партыі — Біджу джаната дал, Усеіндыйская федэрацыя дравідскага прагрэсу імя Анадураі і All India Trinamool Congress. У выпадку пагаднення, фракцыя новага блоку будзе ўключаць 91 парламентарыя.
Калі паглядзець гісторыю згаданых партый, можна заўважыць, што ўсе яны маюць выразны персаналісцкі характар. Ці змогуць правадыры знайсці агульную мову, мы даведаемся вельмі хутка. Прынамсі, яны самі папрасілі на кансультацыі адзін тыдзень. Калі праект з аб’яднаннем у рэгіяналістаў атрымаецца, Індыйскаму нацыянальнаму кангрэсу, відавочна, пагражае маргіналізацыя. У глабальным вымярэнні гэта будзе значыць, што двухпартыйная сістэма ў Індыі можа стаць трохпартыйнай.