Жыхар Барысава пабываў на выбарах у «бандэраўскай» Украіне
Вядомы незалежны барысаўскі праваабаронца, юрыст Алег Мацкевіч нядаўна вярнуўся з суседняй краіны. У Палтаве і Міргарадзе ён напрацягу пяці дзён назіраў за выбарчым працэсам і вырашыў падзяліцца з BARYSAU.BY сваімі думкамі.
Тым нашым чытачам, якія вераць расійскай прапагандзе, чытаць гэтыя радкі будзе няпроста. Бо праўда часам бывае балючая.
«Чулі гэтыя радкі: «вы огромные, мы – великие...»? Іх аўтар кіяўлянка Насця Дзмітрук адным радком «натхніла» два эпітэты, расставіўшы усё на свае месцы. Велізарная Расія, якой супрацьстаіць Вялікая Украіна. У велічы яе народа я пераканаўся, пабываўшы на выбарах у гэтай краіне.
Спачатку ўсё было не так выдатна і аптымістычна. Многія, даведаўшыся, куды я еду, адкрыта выказвалі здзіўленне: «Ты што, сур'ёзна? Жыць надакучыла?». Пераконваць не хацелася. Зомба-скрыня робіць усё, каб напалохаць і адвярнуць людзей ад Украіны. І спрачацца з тымі, каму кожны дзень забіваюць у свядомасць – «фашысты», «бандэраўцы», «нацыяналісты» няма сэнсу. Тым больш бессэнсоўна пераконвацьтых, хто верыць у розныя страшылкі пра жыццё ва Украіне. У тое, што людзей павальна рабуюць на дарогах, або ў тое, што ўдзельнікам Майдана ў кашу дадавалі наркотыкі, яны вераць як выхаванцы садкоўскіх ясляў у Дзеда Мароза.
Удзел у міжнароднай місіі па назіранні за выбарамі доўжыўся некалькі дзён. Першыя два з іх пайшлі на азнаямленне з асаблівасцямі ўкраінскага выбарчага працэсу, вывучэнне дакументацыі і адаптацыю да мясцовага жыццёвага цыкла. Усе пяць дзён я знаходзіўся ў Палтаўскай вобласці, якую ведае кожны яшчэ са школьнай парты знакамітай бітвай. Дарэчы, зусім нядаўна там адзначалі яе 400-годдзе.
Палтаўская вобласць знаходзіцца ў цэнтральнай частцы краіны, бліжэй да яе ўсходніх рубяжоў. Тым не менш, тут усё спакойна. Некаторы час таму ідэйныя праціўнікі ўкраінскага адзінства расклеілі ў цэнтры горада ўлёткі з заклікам выступіць супраць «фашыстаў, якія захапілі ўладу». На наступны дзень 15-20 сепаратыстаў былі акружаны тысячным мітынгам прыхільнікаў цэнтральнай улады і паднятыя на смех. На гэтым спробы засланцам пасеяць хаос скончыліся.
Мая камунікацыя з мясцовым людам адбывалася на рускай і беларускай мовах. Сам я з задавальненнем слухаў цудоўную ўкраінскую гаворку, і калі нехта (мабыць, выключна з меркаванняў моўнага піетэту перад госцем) пераходзіў на вялікі і магутны, я прасіў вярнуць у абарот мову. Зрэшты, і самі ўкраінцы з радасцю слухалі маю беларускую, не зазнаючы пры гэтым ніякіх цяжкасцяў з перакладам. Немалая частка ўкраінцаў размаўляе па-руску. Ніякага моўнага фашызму, запэўніваю вас, там няма і блізка. І, што можа быць самым дзіўным для выхадца з краіны перамогшага інтэрнацыяналізму, беларуская мова ва Украіне не выклікае агрэсіі і неразумення, у адрозненне ад сітуацыі на радзіме – для мяне асабіста тут такія выпадкі не рэдкасць.
Дарэчы. У самалёце Белавія, які выконваў рэйс у Маскву, усе аб'явы робяць на беларускай і дублююць на англійскай. У самалёце ўкраінскай авіякампаніі аб'явы даюць на ўкраінскай, англійскай і рускай! Відавочныя прыкметы фашызму, ці не праўда? Такі вось маленькі, але яркі прыклад прыгнёту «магутнага» ва Украіне.
У дзень выбараў я наведаў выбарчыя ўчасткі ў самой Палтаве, Міргарадзе (як тут не ўспомніць Гогаля Мікалая Васільевіча!) і Міргарадскім раёне. Дарэчы, самі мясціны – быццам пабываў на здымках фільма «Малінаўка» – маляўнічыя ўкраінскія пейзажы, каларытная архітэктура жылых пабудоў, душэўныя і гасцінныя мясцовыя жыхары.
У цэлым выбары праходзілі ў спакойнай і мернай абстаноўцы, участковыя камісіі працавалі зладжана і без грубых парушэнняў. Выбарчы працэс ва Украіне, у адрозненне ад Беларусі, самакантралюемы: члены кожнай выбарчай камісіі – гэта людзі, вылучаныя рознымі палітычнымі сіламі і партыямі. У кампаніі, дзе ўсе адзін за адным ўважліва сочаць (не дай бог – пакрыўдзяць «нашага» кандыдата!), «сцягнуць » што-небудзь вельмі цяжка. Як у эканоміцы плюралізм розных формаў уласнасці ўплывае на якасць і цану канчатковай прадукцыі, так і на выбарах рэальны палітычны плюралізм адлюстроўвае сапраўдную волю выбаршчыкаў і выдае аб'ектыўны вынік.
З самай раніцы на ўчасткі ішлі, у асноўным, пажылыя людзі. Ужо не ведаю, за каго яны там галасавалі, але заклікаў аб дапамозе, накіраваных да брацкага расійскага народа, я ні ад каго з іх не чуў. Бліжэй да абеду пайшла моладзь і людзі сярэдняга ўзросту. На некаторых выбарчых участках гучала музыка (спявалі як украінскія, так і расійскія выканаўцы), па-святочнаму апранутыя людзі пасля галасавання сядзелі на лавачках ў зонах адпачынку, каля устаноў грамадскага харчавання. Але былі і такія ўчасткі, дзе ўрачыстае становішча не парушалася нічым, акрамя як прысутнасцю дзяржаўнай сімволікі. Адзін са старшыняў участковай камісіі у Міргарадзе патлумачыў, што такое рашэнне прынята калегіяльна – камісія палічыла недапушчальным ў дні, калі на ўсходзе краіны адбываюцца трагічныя падзеі, праводзіць выбары «весела».
Актыўнасць выбаршчыкаў была досыць высокай
Дні, праведзеныя ва Украіне, былі для мяне каштоўныя яшчэ і тым, што інфармацыю пра тамтэйшыя падзеі я атрымліваў з першакрыніцы. У размовах з людзьмі – звычайнымі гараджанамі і сялянамі, працоўнымі і настаўнікамі, студэнтамі і службоўцамі, у адказах на пытанні, што часта задаваліся, пра жыццё ў нашых дзяржавах, у развагах пра тое, што адбываецца ў іх і ў нас. Пасля гэтых размоваў удвая горка ўсведамляць, наколькі мы далёкія ад украінскага народа, наколькі наша стаўленне да падзеяў у гэтай краіне абязлічана, не – абязвечана! нахабнай расійскай прапагандай. Украінцы вельмі хваравіта ставяцца да таго, што адбываецца ў краіне. Але ніхто не кажа пра тое, што ў краіне ўлада захопленая фашыстамі – улада легітымна, паважана, людзі не адчуваюць адчужэння ў адносінах да яе. Ніхто не баіцца бандэраўцаў, але, як ні дзіўна, усе баяцца ўварвання расійскіх войскаў. Ніхто не хоча вайны, людзі спадзяюцца, што ўсё скончыцца мірам. А яшчэ, што немалаважна, па ўкраінскім тэлебачанні на цябе не спадае бясконцы паток нянавісці і злосці ў адносінах да Расіі. Што, на жаль, карэнным чынам адрознівае яе ад «старэйшага брата»: у Расіі слова «фашыст» у дачыненні да братоў-украінцаў набыло ўжо намінальнае адценне, а тэлевядучыя вывяргаюць флюіды украінафобіі.
У канцы дня выбараў прыбылі на адзін з участкаў у Міргарад, размешчаны ў школе. Сустрэлі нас прыязна, без мандражу і залішняга паддобрывання. А 20.00 участак зачыніўся і пачаўся падлік галасоў. Працэдура падліку выконвалася строга ў адпаведнасці з патрабаваннямі закона і знешне нагадвае тое, як гэта адбываецца ў нас: зверка спісу выбаршчыкаў, якія прагаласавалі, падлік кантрольных талонаў (менавіта гэтага ў нас няма), колькасці пакінутых бюлетэняў і г.д.
Галасаванне скончана
У чым адрозненне «у іх» ад «у нас»? Па-першае, як я ўжо пісаў, – у разнароднасці складу выбарчых камісій, сфармаваных на канкурэнтнай аснове. Па-другое, у тым ЯК вядзецца падлік галасоў. Дарэчы, я не аднойчы звяртаўся ў Цэнтрвыбаркам Беларусі з прапановай зрабіць падлік галасоў на выбарах максімальна празрыстым і даступным для кантролю з боку як саміх сябраў камісій, так і назіральнікаў. Ведаю, што такія ж прапановы шмат разоў паступалі ў ЦВК і ад іншых грамадзян. Вынік – што ў сцяну гарохам. Ва Украіне мне давялося ўбачыць, што было б, калі б такая прапанова была прынята і ўвасоблена ў рэальнасць.
Кожны член камісіі атрымаў па адной-дзве шыльды з імёнамі кандыдатаў
Бюлетэні спачатку былі падлічаныя паасобна (па відах галасавання), устаноўлена агульная колькасць. Пасля гэтага ўсе бюлетэні прыняла намеснік старшыні камісіі. Вымаючы КОЖНЫ! бюлетэнь па адным! яна паказвала яго прысутным (у тым ліку назіральнікам, якія размясціліся ўшчыльную побач)! Паўтараю – КОЖНЫ мог на свае вочы бачыць «птушачку» (крыжык, рысачку і т.п.) у КОЖНЫМ бюлетэні і весці паралельны падлік. Пасля гэтага бюлетэнь перадаваўся таму члену камісіі, у якога знаходзілася таблічка з імем кандыдата, за якога прагаласавалі. І так усё 1.200 ( лічбу дакладна не памятаю, назваў прыблізна) бюлетэняў. Вядома, гэта не хутка. Вядома, усе стаміліся, бо падлік доўжыўся больш за чатыры гадзіны. Затое кожны з прысутных быў у поўнай упэўненасці, што яго не абвялі вакол пальца, і ён даведаўся праўдзівы вынік выбараў.
Ідзе працэс «раздачы» бюлетэняў. Кожны бюлетэнь пасля публічнай дэманстрацыі складваецца столкай пад таблічкай з імем кандыдата, за якога ў ім пастаўлена адзнака
Як гэта далёка ад нашай рэчаіснасці, калі падлік галасоў вядзецца ўсімі адразу і нікім у дакладнасці. Такая сабе гульня ў напарсткі. У выніку ў нас, палічыўшы кожны сваю купку, кожны член камісіі на вушка! паведамляе аднаму яму вядомыя лічбы сакратару камісіі, ён жа, запісаўшы іх на паперку, паведамляе (на вушка!) старшыні камісіі. Якая віртуознасць! Які асвечаны ідыятызм! Пасля гэтага старшыня чагосьці там сабе лічыць і робіць пратакол. Усе, вылупіўшы (ці не вылупіўшы) вочы, даведаюцца вынікі галасавання. Верыць ці не – гэта ваша справа. Але ніяк не справа благаславёных старшыняў і сакратароў выбарчых камісій. Я так падазраю, ім наогул начхаць, верыце вы ці не. Яны сваю справу зрабілі, і баста.
На тым участку у Міргарадзе, дзе я назіраў падлік галасоў, я вынік выбараў за асноўнага прэтэндэнта паспеў падлічыць раней самой камісіі. І не памыліўся ні на адзін голас! Вынік на ўчастку: перамог Парашэнка з вынікам 60 адсоткаў (з дзясятымі долямі). І я гэта ведаю.
Такім чынам, людзі прагаласавалі за Парашэнку. Чаму? Адна дзяўчына ў размове са мной паведаміла дзіўную, на першы погляд, дэталь: яе бацькі, з'яўляючыся прыхільнікамі кандыдата Грыцэнка, мелі намер галасаваць за Парашэнку. «Чаму?» – не стрымаўся я. «Яны баяцца, што калі выбары не адбудуцца, то ў краіне пачнецца хаос. І Расія можа гэтым скарыстацца». Як потым высветлілася, гэта была досыць распаўсюджаная матывацыя выбару ўкраінскага народа.
Перамога Парашэнкі не выклікае сумненняў
Так што ж адбываецца ва Украіне? Выбары паказалі – жыццё наладжваецца. Не ўсіх задавальняе новы выбар народа Украіны, у тым ліку выбар геапалітычны. Толькі гэта іх выбар. І з ім трэба лічыцца.
А як праводзіць выбары – тут у іх трэба яшчэ і павучыцца. Усім нам».
Алег Мацкевіч, місія ENEMO, Палтава-Міргарад , 22-27 траўня 2014 г.
Аддзел інфармацыі barysau.by
spring96.org