Пачаўся штурм Славянска
Сёння раніцай актывізавалася антытэрарыстычная аперацыя ў гэтым украінскім горадзе.

Украінскія сілавікі знішчылі некалькі блокпастоў на ўскраінах горада і пад прыкрыццём бронетэхнікі прарываюцца ў цэнтр Славянска, каб узяць яго пад кантроль. Над горадам — верталёты, працуе артылерыя.
Міністр унутраных спраў Арсен Авакаў праз сацыяльныя сеткі звяртаўся да жыхароў Славянска, Краматорска, Краснага Лімана з просьбай заставацца ў сваіх дамах. Інфармацыі пра страты з абодвух бакоў пакуль няма.
Як піша ў Facebook кіраўнік Цэнтра ваенна-палітычных даследаванняў, каардынатар групы "Інфармацыйны супраціў" Дзмітрый Тымчук, тэрарыстамі здзейснены напад на ўкраінскую калону, якая накіроўвалася з Ізюма (Харкаўская вобласць) у раён Славянска. Пры нападзе быў падбіты БТР украінскіх сілавікоў. Завязаўся бой. У ходзе баявога сутыкнення атака была адбітая. З боку сілавікоў 1 загінулы, 13 параненых. Пра страты з боку тэрарыстаў дадзеных няма.


Фота — ria.ru, AP