Сербскія медыі: затрымалі джыхадыста, які рыхтаваў замах на Пуціна

21-гадовага меркаванага тэрарыста затрымалі непадалёк сербскага гораду Нові Пазар, паведамляе Белсат

Меркаваны тэрарыст ДАІШ. Фота east2west

Меркаваны тэрарыст ДАІШ. Фота east2west

Паліцэйскі патруль затрымаў Арміна Алібашыча ў паселішчы Потак. Праваахоўнікі знайшлі ў заплечніку вінтоўку з аптычным прыцэлам. Пазней службы бяспекі правялі вобшук ягонай кватэры ды выявілі арсенал зброі і кампаненты для вырабу выбухоўкі, тэлефоны, драты і прылады для дыстанцыйнага дэтанатара, а таксама сімволіку ды літаратуру «Даіш».

Рэчы, якія знайшла паліцыя ў кватэры Арміна Алібашыча

Рэчы, якія знайшла паліцыя ў кватэры Арміна Алібашыча

Крыніца сербскай выведкі паведамляе, што Пуцін быў «мішэнню для тэрарыстаў праз вайну, якую Расея вядзе супраць «Ісламскай дзяржавы».
«Паліцыя робіць усе захады, каб выключыць любыя рызыкі. Мы запэўнім максімальны ўзровень бяспекі падчас прыезду расейскага прэзідэнта», – паабяцаў кіраўнік падраздзялення МУС Сербіі ў справе гарантавання бяспекі замежных асобаў і дэлегацыяў Славіша Кырстыч. Ён не пацвердзіў і не зняпраўдзіў інфармацыі пра затрыманне Алібашыча.
Пуцін наведае Бялград 17 студзеня.
Рост радыкальнага ісламізму назіраюць на Балканах з 1990 года. Албанію, Косава, Боснію і Герцагавіну называюць нават цэнтрам сусветнай сеткі тэрарыстаў. Баевікі набываюць зброю менавіта ў краінах былой Югаславіі, бо вайна на гэтай тэрыторыі скончыліся не так даўно.