У Сербіі новыя пратэсты супраць прэзідэнта

Звыш 10 тысяч чалавек у суботу ўвечары, 19 студзеня, зладзілі пратэстны марш супраць прэзідэнта краіны Аляксандра Вучыча і яго Сербскай прагрэсіўнай партыі, паведамляе Reuters. Дэманстранты патрабуюць свабоды СМІ ў якасці неабходнай умовы для правядзення свабодных і сумленных выбараў.

serbiya_nachalos.jpeg

Арганізатар маршу — «Альянс за Сербію», які аб'яднаў 30 апазіцыйных партый і арганізацый краіны. Пратэстоўцы, у якіх на грудзях былі значкі з надпісам «Пачалося», скандавалі «Вучыч — злодзей».
«Адзінае патрабаванне, якое ў нас ёсць, — гэта тое, каб гэтае зло [рэжым] спынілася», — прыводзіць Reuters словы аднаго з пратэстуючых Браніслава Трыфуновіча. «Мы хочам выбараў, але свабода павінна быць на першым месцы», — дадаў ён.
Каментароў з боку офіса прэзідэнта Вучыча адносна новага маршу пратэсту не было. Аднак, як нагадвае агенцтва, раней Вучыч казаў, што не збіраецца задавальняць патрабаванні апазіцыі, якія тычацца выбарчай рэформы і пашырэння свабоды СМІ, «нават калі на вуліцы выйдуць 5 млн чалавек», але выказаў гатоўнасць праверыць папулярнасць сваёй партыі ў ходзе пазачарговых выбараў.
Штотыднёвыя пратэсты ў Сэрбіі праходзяць ужо восьмы тыдзень запар. Папярэднія маршы збіралі прыкладна такую ж колькасць пратэстуючых. Акцыі пратэсту распаўсюдзіліся ўжо і на іншыя гарады. У пятніцу яны прайшлі ў другім па велічыні горадзе Нові-Садзе, у паўднёвым горадзе Ніш і шэрагу іншых, але там лік пратэстуючых застаецца невялікім.
У мінулы чацвер у Бялградзе пабываў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. Перад храмам Святога Савы ў Бялградзе яго віталі дзесяткі тысяч людзей. Расійскі лідар падзякаваў сербам за падтрымку.
Сацапытанні, праведзеныя ў лістападзе, паказваюць, што партыю Вучыча падтрымліваюць 53,3% сербаў, у той час як апазіцыйныя партыі прыкметна адстаюць, заўважае Reuters.
TUT.by