Венесуэла «ўспыхнула» — свет раскалоўся. Як развіваюцца падзеі

Заакіянская «сяброўка» Беларусі мяняе ўладу. «Салiдарнасць» сочыць у аглядзе, што там адбываецца гадзіну за гадзінай.

venezuela_3.jpg

Серада: Гуайдо назваў сябе в.а. прэзідэнта, яго падтрымалі сотні тысяч

Яшчэ пару дзён таму ў сусветных СМІ з’яўляліся традыцыйныя рэпартажы з Венесуэлы, у якіх краіну пад кіраўніцтвам Нікаласа Мадура, называлі «філіялам пекла», а жыццё параўноўвалі з сярэднявеччам.
Дэвальвацыя, інфляцыя, дэфіцыт, гіганцкія чэргі, голад, галеча, тысячы бежанцаў на межах, спробы змясціць з пасады прэзідэнта, пратэсты з дзесяткамі загінулых — усё гэта пра Венесуэлу апошніх гадоў.
22 студзеня 2019-га краіна «ўспыхнула». Лідэр апазіцыйнай Нацыянальнай асамблеі, 35-гадовы Хуан Гуайдо абвясціў сябе выконваючым абавязкі прэзідэнта, прыняўшы прысягу перад тысячай прыхільнікаў. Ён назваў Мадура узурпатарам і заклікаў грамадзян да масавых выступленняў супраць яго ўлады.
У выніку на вуліцах Каракаса венесуэльцаў было ў літаральным сэнсе — мора.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, а неўзабаве і генеральны сакратар Арганізацыі амерыканскіх дзяржаў Луіс Альмагра, прызналі Гуайдо легітымным кіраўніком Венесуэлы.

Нікалас Мадура, у сваю чаргу, лічыць, што адбываецца спроба незаконнага перавароту з падачы ЗША.

Ён запатрабаваў ад амерыканскіх дыпламатаў пакінуць краіну на працягу 72 гадзін: «Ідзіце! Пакіньце Венесуэлу. Тут у людзей ёсць годнасць». А ад вайскоўцаў — вернасці: «Слухай маю каманду. Максімум вернасці, максімум адзінства, максімум дысцыпліны. Мы пераможам у гэтай бітве разам».

Да канца дня затрыманых было каля двух соцень. Ёсць загінулыя.

venezuela_2_1.jpg


Чацвер: «Я не знаходжу слоў, каб выказаць боль»
У ноч на 24 студзеня лідэра апазіцыі Гуайдо ў якасці законнага лідэра краіны прызналі 13 краін. Акрамя ЗША гэта Канада, Бразілія, Аргенціна, Чылі, Калумбія, Коста-Рыка, Гватэмала, Гандурас, Панама, Парагвай і Перу. Таксама кіраўніка венесуэльскага парламента афіцыйна падтрымалі Арганізацыя амерыканскіх дзяржаў і «Група Лімы».
Улада Мадура афіцыйна прызнаюць Расія, Турцыя і шэраг іншых краін.

venezuela_3_1.jpg

Хуан Гуайдо выказаў спачуванні загінулым у выніку пратэстаў. «Я не знаходжу слоў, каб выказаць боль, які я адчуваю, працягваючы даведвацца пра венесуэльцаў, забітых падчас пратэстаў за апошнія гадзіны. Іх сем’ям я магу гарантаваць толькі тое, што на нашай радзіме будуць кіраваць справядлівасць і мір».