Сусветныя цікавосткі: паўночнакарэйскі Чарнобыль і мізагінія па-за законам

Страшныя наступствы ядзерных выпрабаванняў у КНДР. У Нідэрландах нянавісць да жанчын хочуць прызнаць экстрэмізмам. Нечаканае пра караля Артура і маўзалей для бога футбола. Пра ўсё гэта чытайце ў «Сусветных цікавостках».

Паўночнакарэйскі Чарнобыль

punggye_ri_nuclear_test_site.jpg

Фарсіраваная атамная праграма ў КНДР, здаецца, дае свае пабочныя вынікі. Па словах перабежчыкаў з Паўночнай Карэі, некаторыя дзеці паблізу ядзернага палігона Пунге-ры на паўночным захадзе краіны нараджаюцца з выродствамі: не маюць анусу, пальцаў ног або рук. Таксама кажуць, што дарослыя ў тым жа раёне павольна паміраюць ад раку ці іншых нявызначаных хвароб. У амаль кожным другім доме ёсць хворыя з рознымі відамі раку. Апошні перабежчык паведаміў аб прамянёвай хваробе, што ахапіла рэгіён пасля многіх гадоў ядзерных выпрабаванняў. Іншая перабежчыца расказала, што аднойчы стала сведкай, як яе суседка нарадзіла дэфармаванае дзіця. Неўзабаве пасля гэтага дзіця забілі яе бацькі паводле закону аб дзецях, народжаных з дэфармацыямі. Нядзіўна, што на поўдні карэйскага паўвострава не на жарт баяцца, што радыяцыя можа патрапіць і да іх. Летась урад Паўднёвай Карэі заявіў, што прапануе прайсці радыяцыйнае тэсціраванне ўсім перабежчыкам з наваколля Пунге-ры. Па даных экспертаў, да паўмільёна жыхароў рызыкуюць стаць ахвярамі радыяцыі ў выпадку атамнай катастрофы ў КНДР.

Нянавісць да жанчын прызнаюць экстрэмізмам

mannequin_2631682_1280.jpg

Улады Амстэрдама маюць намер прызнаць мізагінію (нянавісць да жанчын) экстрэмісцкай ідэалогіяй. Такое рашэнне падтрымалі большасць чальцоў гарадской рады. Адпаведная прапанова была вынесена на абмеркаванне прадстаўнікамі леваліберальнай партыі «Дэмакраты 66», а фармальнай прычынай стаў рост жанчынаненавісніцтва сярод моладзі, што фіксуе сацыялогія. Паводле яе, дзве траціны маладых жанчын у Нідэрландах хаця б аднойчы падвяргаліся сексуальным дамаганням «у фізічнай ці славеснай форме», а 10% студэнтак вышэйшых навучальных устаноў станавіліся ахвярамі згвалтавання. Акрамя таго, 75% жыхарак Амстэрдама ва ўзросце ад 15 да 34 гадоў сутыкаюцца з дамаганнямі на вуліцы. Сапраўды, сітуацыя не вясёлая, але мізагінія — гэта вельмі шырокае і размытае паняцце. Пры вялікім жаданні, як піша прэса, у мізагініі можна абвінаваціць хрысціянства. Так, паводле Бібліі першыя два чалавекі ў свеце, Адам і Ева, жылі ў раі і былі выгнаныя з раю, калі Ева спазнала забаронены плод. Ева таксама спакусіла Адама пакаштаваць яблык. Гэтую біблейскую байку можна інтэрпрэтаваць як прыклад жанчынаненавісніцтва, Мужчыны, маўляў, жылі па волі багоў, а жаночыя персанажы разбурылі свет сваімі ўчынкамі.

Кароль Артур — удзельнік руху ЛГБТ?

"Кароль Артур". Пітэр дэ Лангтофт. "Хроніка Англіі" каля 1307 - 1327 гг. (Брытанская бібліятэка, Лондан)

"Кароль Артур". Пітэр дэ Лангтофт. "Хроніка Англіі" каля 1307 - 1327 гг. (Брытанская бібліятэка, Лондан)

Хто не чуў пра караля Артура — легендарнага правадыра брытаў V-VI стагоддзяў, самага вядомага з кельцкіх герояў, цэнтральнага персанажу брытанскага эпасу і шматлікіх рыцарскіх раманаў. Цяпер асоба Артура набыла новыя акцэнты. У рамках ініцыятывы па святкаванні «мясцовых гісторый аб сексуальнай арыентацыі і гендарнай ідэнтычнасці», Савет графства Дэнбішыр уключыў караля Артура ў сваю хроніку ЛГБТ+, спасылаючыся на легенду, паводле якой Артур пераапрануўся ў жаночае адзенне, каб наведаць знаёмую на рынку аднаго горада. Гэты эпізод зараз разглядаецца, як магчымае сведчанне нетрадыцыйнай гендарнай ідэнтычнасці героя. Крытыкі, у сваю чаргу, звяртаюць увагу, што ў легендах няма ніякіх гісторый, якія б указвалі на тое, што кароль Артур быў прыхільнікам гомасексуалізму. Наадварот, гісторыя наконт Артура ў жаночай вопратцы адбываецца вакол яго раману з нейкай кабетай. Увогуле цяжка сказаць навошта ўладам графства Дэнбішыр рабіць з караля Артура трансгендара. Тут яшчэ не забыліся на скандал, калі на мясцовае свята запрасілі музыку, звязанага з камунай ЛГБТ+. Мясцовыя медыі абвінавачвалі яго ў сяброўстве з педафілам, які быў прыгавораны да трох гадоў турэмнага зняволення па абвінавачанні ў згвалтаванні хлопчыка.

Маўзалей для Марадоны

Фота Joka Madruga from Curitiba, commons.wikimedia.org

Фота Joka Madruga from Curitiba, commons.wikimedia.org

Аргенцінскі суд Буэнас-Айрэса дазволіў перанесці цела былога футбольнага віртуоза Дыега Марадоны з прыватных могілак, дзе ён пахаваны, у цэнтр горада, дзе пабудуюць маўзалей. Аргенцінская легенда, нагадаем, памёр у лістападзе 2020 года, калі ў краіне ўсё яшчэ дзейнічалі меры стрымання «Covid-19», таму людзі не мелі магчымасці развітацца з ім. Адначасова, дарэчы, пачаўся крымінальны працэс супраць урачоў футбаліста, якіх абвінавацілі ў халатнасці. Сямёра з абвінавачаных паўстануць перад судом. Ім пагражае ад 8 да 25 гадоў пазбаўлення волі. 

Праўда, будаўніцтва маўзалея, у якім будуць ляжаць рэшткі Марадоны, яшчэ не скончана. Дарэчы, сам маўзалей будзе знаходзіцца ў элітным цэнтральным раёне гораду, за некалькі крокаў ад рэзідэнцыі прэзідэнта, што, напэўна, зробіць яго славутасцю для заўзятараў і турыстаў. Застаецца дадаць, што комплекс вырашылі назваць «Маўзалей бога».