Шэршэ ля фам: яскравыя кабеты ў палітыцы Францыі з моманту атрыманьня выбарчага права 80 гадоў таму
У 1944 годзе жанчыны зраўняліся ў палітычных
правах з мужчынамі Францыі. Без квотаў і прасоўваньня ў хуткім часе кабета можа
ўзначаліць гэтую дзяржаву. Мы падрыхтавалі для вас жыцьцёвыя шляхі некаторых са
знакавых палітычных дзеячоў за час, калі французская мадэмуазэль і французскі
месье маюць аднолькавыя шансы заняць любую пасаду.
Кабеты займалі і працягваюць займаць уладныя і ўплывовыя пасады, ад муніцыпальных радаў да вышэйшых эшалёнаў урада, у тым ліку пасаду прэм'ер-міністра Францыі.
Марын Ле Пэн
Яна нарадзілася ў 1968 годзе ў палітычнай сям'і, малодшай дачкой Жана-Мары Ле Пэна, заснавальніка Нацыянальнага фронту, які цяпер перайменаваны ў Нацыянальнае аб'яднаньне. Яе выхаваньне не магло не быць прасякнутым рыторыкай партыі яе бацькі, якую часта крытыкавалі за нібы экстрэмісцкія погляды. Аднак Марын зрабіла кар'еру ў галіне права, перш чым выйсьці на палітычную арэну Францыі.
Спадарыня Ле Пэн далучылася да партыі бацькі ў 1986 годзе і хутка ўзьнялася ў партыйных шэрагах, яны прымала значную ролю ў партыйных кампаніях і юрыдычных справах. Упершыню яна была абраная рэгіянальным дарадцам у Нор-Па-дэ-Кале ў 1998 годзе, і гэтая пасада стала пачаткам яе пастаяннага ўдзелу ў выбарах.
У 2011 годзе Марын Ле Пэн пераняла кіраўніцтва Народным Фронтам ад свайго бацькі, што ў хуткім часе прынесла карэнныя зьмены у партыі і грамадскім іміджы арганізацыі. Пад яе кіраўніцтвам партыя пазбавілася ад некаторых так званых ксенафобскіх элементаў у спробе прыцягнуць больш шырокі электарат. Гэтая стратэгія, вядомая як «дэ-дэманізацыя», імкнулася засяродзіць ўвагу на такіх пытаньнях, як суверэнітэт, іміграцыя і французская ідэнтычнасьць.
Марын Ле Пэн да сёньняшняга дня тры разы ўдзельнічала ў прэзідэнцкіх выбарах. У 2012 годзе яна зрабіла сваю першую спробу, выкарыстоўваючы рост эканамічнай незадаволенасьці. Нягледзячы на тое, што яна заняла толькі трэцяе месца, яе выступ падкрэсьліў рост цікавасьці да палітыкі яе партыі.
Кампанія 2017 года стала куды больш пасьпяховай. Ле Пэн выйшла ў другі тур, дзе сутыкнулася сам-насам непасрэдна з Эмануэлем Макронам. Гэтыя выбары былі асабліва значнымі, паколькі яны падкрэсьлілі глыбокі раскол у французскім грамадзтве. Ле Пэн выступала за французскі нацыяналізм, скептыцызм у адносінах да Эўразьвязу і жорсткі іміграцыйны кантроль. У выніку яна прайграла Макрону, але атрымала вельмі салідныя 33,9% галасоў французаў.
На прэзідэнцкіх выбарах 2022 года яе вынікі яшчэ больш узрушылі людзей. Атрымаўся амаль паўтор папярэдніх выбараў, дзе ў другім туры яна зноў прайграла Макрону. Але вынік Марын – 41,5% галасоў кажа пра тое, што неўзабаве, а менавіта ў 2027 годзе, яна мае шанцы ўрэшце стаць першай жанчынай на пасадзе прэзідэнта Францыі. Тым больш яе галоўны супернік, дзейны прэзідэнт ужо не будзе мець права выступіць супраць. Паглядзім!
З цягам часу Ле Пэн удасканальвае сваё палітычнае бачаньне, крыху рухаючыся да цэнтра па некаторых пытаньнях, каб захапіць больш шырокі сэгмент электарату.
Вядома, напрацягу ўсёй кар’еры ёй закідвалі шмат абвінавачваньняў. Яе пазыцыя адносна іміграцыі і крытыка ісламу выклікалі абвінавачваньні ў распальваньні расавай і рэлігійнай напружанасьці. Зрэшты, як бачым па апошніх падзеях, гэта не Францыя атакуе Ізраіль, а ісламскія тэрарысты з ХАМАС і Ірану. Гэта, безумоўна, дадае палітычных плюсаў рыторыцы спадарыні Ле Пэн.
Ня будзем забываць і пра ранейшую (нібыта ўжо скончаную) фінансавую падтрымку яе партыі праз арганізацыі, непасрэдна зьвязаныя з расейскім рэжымам.
Эдыт Крэсан
Эдыт, якая нарадзілася ў 1934 годзе, узьнялася па кар'ернай лесьвіцы да самых вышыняў, каб у рэшце стаць першай і да апошняга часу адзінай кабетай-прэм'ер-міністрам Францыі. Толькі два гады таму паплечніца Макрона Элізабэт Борн стала другой жанчынай на чале ўраду.
Прафэсійная кар'ера Эдыт Крэсан пачалася ў камэрцыі, але яна хутка перайшла ў палітыку, калі ўступіла ў Сацыялістычную партыю ў 1960-х гадах, натхнёная Франсуа Мітэранам. Чаму камэрсанты становяцца сацыялістамі – асобная гісторыя, якая патрабуе грунтоўнага агляду.
Палітычная кар'ера Крэсан зьведала ўздым у 1970-х гадах, калі яна была абраная мэрам невялікага гарадка Цюр. Яе стыль кіраўніцтва і моцная абарона адукацыі і сацыяльнага забесьпячэньня прыцягнулі ўвагу Мітэрана. Калі ў 1981 годзе сацыяліст Мітэран стаў прэзідэнтам Францыі, ён узяў пад крыло Эдыт. Яна займала некалькі міністэрскіх пасадаў, у тым ліку міністра сельскай гаспадаркі, міністра гандлю і турызму, пераразьмеркаваньня прамысловасьці і зьнешняга гандлю.
Гэта была дэманстрацыя ўнівэрсальнасьці, што ў выніку вылілася ў новую прыступку кар’еры.
У 1991 годзе нечаканым крокам прэзідэнт Мітэран прызначыў Эдыт Крэсан прэм'ер-міністрам. Гэтае рашэньне было гістарычным, бо яна стала першай кабетай на гэтай пасадзе ў Францыі. На Мітэрана паўплываў яго ўласны намер амаладзіць Сацыялістычную партыю і ўрад, асабліва ў сувязі з тым, што партыя змагалася з нізкім рэйтынгам і эканамічнымі праблемамі.
Аднак знаходжаньне Крэсан на пасадзе прэм'ер-міністра было кароткім і цягнулася менш за год. Яна сутыкнулася з вялізнымі праблемамі, у тым ліку з высокім узроўнем беспрацоўя, эканамічнай стагнацыяй і нутранымі нязгодамі ў сваёй партыі. У 1992 годзе яе прэм’ерства скончылася, а неўзабаве, у 1995 годзе, прыйшло да фіналу сацыялістычнае кіраваньне Францыяй, якое расьцягнулася на 14 гадоў: уладу ўзяў палітычны спадкаемца Шарля Дэ Голя – Жак Шырак.
Пасьля адстаўкі Эдыт Крэсан працягвала выконваць значныя ролі, у тым ліку займала пасаду эўракамісара па дасьледаваньнях, навуцы і тэхналёгіях.
Запомнілася мадам Крэсан у тым ліку сваёй дзіўнай фразай, калі параўноўвала японцаў з «жоўтымі мурашкамі, якія спрабуюць захапіць увесь сьвет».
На сёньня ёй 90 гадоў.
Наталі Касьцюшка-Марызэ
Паходжаньне рэспубліканкі Наталі выклікае вялікую цікавасьць. Сама Наталі нарадзілася ў 1973 годзе ў Парыжы. Яе дзед Жак Касьцюшка быў амбасадарам Францыі ў ЗША, бацька Франсуа Касьцюшка-Марызэ быў мэрам Сэўра.
Нягледзячы на спробы зьвязаць францужанку з беларускім шляхетным родам Касьцюшкаў, рэальнасьць выглядае іншай – яны не зьвязаныя між сабою. Яе непасрэдны продак – габрэй Абрагам Саламон Касьцюшка (1821-1917), які трапіў у Францыю з земляў былой Рэчы Паспалітай. Бацькам Абрагама быў Зэльман Касьцюшка, і жыў ён у Сувалках.
Яе палітычная кар'ера пачалася ўсур'ёз, калі яе абралі дэпутатам мясцовай рады ў Ланжумо, мястэчку на поўдзень ад Парыжа. Ужо ў 2008 годзе Наталі Касьцюшка-Марызэ дасягнула пасады мэра Ланжумо, і гэтая праца дала ёй практычную аснову кіраваньня мясцовай адміністрацыі.
Посьпех на мясцовым узроўні адкрыў шлях для нацыянальных палітычных амбіцыяў. Наталі была прызначаная дзяржсакратаром па экалёгіі ў 2007 годзе пры прэзідэнце Нікаля Сарказі. Пазьней яна займала пасаду міністра экалёгіі, устойлівага разьвіцьця, транспарту і жыльлёвага будаўніцтва, дзе адыграла істотную ролю ў прасоўваньні зялёных тэхналёгій і інфраструктурных праэктаў.
У 2012 годзе, пасьля паразы на прэзідэнцкіх выбарах свайго аднапартыйца Сарказі, Наталі Касьцюшка-Марызэ імкнулася пераасэнсаваць сваю палітычную кар'еру па-за ценем яго адміністрацыі. Яна балятавалася і атрымала месца ў Парлямэнце Францыі.
У 2014 годзе Касьцюшка-Марызэ была кандыдатам ад правацэнтрыстаў на пасаду мэра Парыжа, але ў барацьбе саступла перамогу іншай кабеце – Ан Ідальга, якая кіруе сталіцай і па сёньня.
Пасьля паразы ў барацьбе за пасаду мэра Парыжа Наталі сутыкнулася з дадатковымі праблемамі, у тым ліку з фізычным нападам падчас агітацыйнага мерапрыемства напярэдадні выбараў ў заканадаўчыя органы 2017 года, якія яна ў выніку прайграла. У 2018 годзе яна сышла з пасады дэпутата Парыжскай рады і адышла ад палітычнага жыцьця, каб засяродзіцца на прыватным сектары.
Сегален Руаяль
Мары-Сегален Руаяль нарадзілася ў Сенегале ў 1953 годзе і стала адной з самых вядомых палітычных дзеячаў Францыі. Лёс мог скласьціся так, што яе партнэр назаўжды застаўся б у гістарычных даведках, толькі як бацька дзяцей Сегален, але жыцьцё склалася больш інтрыгоўна.
Выхаваная ў кансэрватыўнай сям'і вайскоўца, які нёс службу ў Афрыцы, яна пераехала ў Францыю ва ўзросьце двух гадоў. Поглды бацькі былі забытыя, і яна трапіла ў сацыялізм. Палітычная кар'ера Руаяль пачалася ў пачатку 1980-х гадоў, калі яна працавала суддзёй адміністрацыйнага суда, а потым дарадцам прэзідэнта-сацыяліста Франсуа Мітэрана.
Яе адносіны з Франсуа Аляндам пачаліся прыкладна ў гэты ж час, што прывяло пару да ліку самых уплывовых у Сацыялістычнай партыі. У 1988 годзе Руаяль была абраная дэпутатам Нацыянальнай асамблеі, і займала гэтую пасаду некалькі тэрмінаў. Заканадаўчая праца Сегален, асабліва ў галіне навакольнага асяродзьдзя і правоў дзяцей, хутка зарэкамендавала яе як прагрэсіўнага палітыка левага флангу.
Руаяль займала розныя міністэрскія пасады. Пры прэзідэнце Мітэране яна была міністрам аховы навакольнага асяродзьдзя, а пазьней кіравала справамі сям'і, дзяцей і інвалідаў.
Самы значны палітычны момант для Руаяль адбыўся ў 2007 годзе, калі яна стала першай кабетай у Францыі, якую буйная партыя вылучыла кандыдатам у прэзідэнты. Нягледзячы на актыўную кампанію, яна пацярпела паразу ад наступніка Жака Шырака і Шарля Дэ Голя — Нікаля Сарказі.
Сегален Руаяль па нейкіх сваіх перакананьнях не выйшла замуж за Франсуа Алянда, нягледзячы на чатырох сумесных дзяцей. Яе амаль муж на наступных прэзідэнцкіх выбарах 2012 года атрымаў перамогу і стаў прэзідэнтам Францыі.
У 2017 годзе яна атрымала пасаду з незвычайнай для беларусаў назвай “Амбасадар Францыі па справах Арктыкі і Антарктыкі” і прабыла на ёй два з паловай гады. Па сутнасьці, палітычная кар’ера на сёньня 70-гадовай Сегален скончылася ў 2021 годзе, калі на выбарах у Сэнат сацыялістка набрала 2% галасоў.