Шэсце ў Тбілісі «Не — рускаму фашызму!»

"Не рускаму фашызму!" — пад такім лозунгам сотні людзей прайшлі маршам па праспекце ў цэнтры Тбілісі.

Фота: bbc.com

Фота: bbc.com


23 ліпеня ў Тбілісі адбылося шэсце супраць ксенафобіі, арганізаванае апазіцыйнай парламенцкай партыяй "Еўрапейская Грузія". Як піша kavkaz-uzel.eu, акцыя завяршылася без сутычак, хаця прыхільнікі "Марша грузінаў" кідалі ў актывістаў яйкі і пластыкавыя бутэлькі.
Раней, 14 ліпеня ў Тбілісі адбыўся "Марш грузінаў". Яго ўдзельнікі патрабавалі ад уладаў неадкладна выслаць з краіны нелегальных мігрантаў і забараніць апазіцыйную партыю "Адзіны нацыянальны рух".
Шэсце пад лозунгам "Не — рускаму фашызму!" стала адказам на гэтую акцыю. Гэтым лозунгам арганізатары ўказалі на падабенства "Марша грузінаў" і нацыяналістычнага "Рускага маршу", які праходзіць у Расіі. На шэсце супраць ксенафобіі і гвалту сабраліся некалькі соцень чалавек.
Арганізатары "Маршу грузінаў" заклікалі сваіх прыхільнікаў перашкодзіць акцыі "Еўрапейскай Грузіі", таму сабралі сваю контракцыю. Паколькі супрацьстаянне пагражала перарасці ў сутычкі, Каталікос-Патрыярх Усяе Грузіі Ілля II заклікаў абодва бакі адмовіцца ад акцыяў.
Да шэсця "Еўрапейскай Грузіі" далучыліся лідары і прадстаўнікі Рэспубліканскай партыі і "Свабодных дэмакратаў".
Прыхільнікі "Маршу грузінаў" хацелі легчы на ​​праезнай частцы дарогі, каб перашкодзіць праціўнікам, але паліцыя не дазволіла ім заблакаваць праспект. У выніку ўдзельнікі контракцыі падчас шэсця знаходзіліся на ходніках паабапал дарогі. Адтуль яны кідалі ва ўдзельнікаў шэсця пустыя пластыкавыя бутэлькі і яйкі, але сур'ёзнага супрацьстаяння ўдалося пазбегнуць.
euroradio.fm