Толькі 6 мігрантаў, якія трапілі ў Літву празь Беларусь, атрымалі статус уцекача
Звыш 1300 мігрантаў атрымалі адмову і цяпер абскарджваюць яе ў судах, піша Свабода.
![7d64723b_c006_446a_a247_bca6849c0b82_w1023_r1_s.webp 7d64723b_c006_446a_a247_bca6849c0b82_w1023_r1_s.webp](/img/v1/images/7d64723b_c006_446a_a247_bca6849c0b82_w1023_r1_s.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Літоўскі Дэпартамент міграцыі з лета разгледзеў больш за палову заяў аб прыстанішчы ад мігрантаў, якія нелегальна ўехалі ў краіну. А менавіта 1771 заяву з агульнай колькасці ў 3148 хадайніцтваў, перадае БелаПАН са спасылкай на прэс-службу літоўскага ведамства.
Статус уцекача атрымалі толькі 6 просьбітаў. 1353 іншаземцы атрымалі адмову, а разгляд 412 хадайніцтваў спынілі з прычыны ад’езду заяўнікаў з краіны або іх вяртання на радзіму.
З 3 жніўня Літва не ўпусціла на сваю тэрыторыю амаль 4,9 тысячы мігрантаў, якія спрабавалі незаконна перасячы мяжу з боку Беларусі.
Большасць мігрантаў без дакументаў абскардзілі рашэнні Дэпартаменту міграцыі ў судах і працягваюць заставацца ў цэнтрах часова размяшчэння, чакаючы канчатковага рашэння. Па словах начальніка Дэпартамента міграцыі Эвеліны Гудзінскайце, спецыялісты пастаянна кантактуюць з мігрантамі, інфармуюць іх аб прынятых рашэннях і нагадваюць пра магчымасць добраахвотна вярнуцца ў краіну паходжання, інфармуе BNS.
У памежных з Беларуссю раёнах Літвы дзейнічае надзвычайнае становішча.