Урад Літвы зацвердзіў план падрыхтоўкі да патэнцыйнай аварыі на БелАЭС
Урад Літвы на пасяджэнні 27 кастрычніка зацвердзіў план падрыхтоўкі да патэнцыйнай ядзернай аварыі на Беларускай АЭС, паведамляе прэс-служба літоўскага Міністэрства ўнутраных спраў, якое сярод іншага адказвае за абарону ад надзвычайных сітуацый, паведамляюць naviny.online.
У МУС Літвы адзначылі, што на рэалізацыю гэтага плана ў 2022 годзе з бюджэту будзе выдзелена 17,75 млн. еўра. Усяго на яго выкананне на працягу бліжэйшых пяці гадоў спатрэбіцца 91,5 млн. еўра.
«Пагроза Астравецкай АЭС сталая, таму неабходна забяспечыць гатоўнасць дзяржавы, муніцыпалітэта і грамадства да магчымай ядзернай або радыелагічнай аварыі. Гэтыя сродкі — укладанне ў дзяржаўную бяспеку», — заявіў на пасяджэнні ўрада намеснік міністра ўнутраных спраў Літвы Віталь Дзмітрыеў.
Сярод іншага план прадугледжвае набыццё мабільнай сістэмы вымярэння радыеактыўнасці, пастаўку рэспіратараў і іншых сродкаў індывідуальнай абароны, аснашчэнне дзяржаўных устаноў аварыйнымі аператыўнымі цэнтрамі ў 100-кіламетровай зоне ад станцыі.
«У выпадку аварыі на АЭС насельніцтва будуць апавяшчаць кароткімі паведамленнямі праз мабільныя тэлефоны, сірэнамі, дакладная інфармацыя і парады, што рабіць падчас аварыі, будуць перадавацца па радыё і тэлебачанні. У дзяржаўных і муніцыпальных установах будуць планы абароны і, пры неабходнасці, экстранай эвакуацыі насельніцтва», — заявілі ў міністэрстве.
Адзначаецца, што асаблівую ўвагу варта звярнуць на падрыхтоўку да патэнцыйнай аварыі ў Віленскім і Свянцянскім раёнах, тэрыторыі якіх знаходзяцца ў 30-кіламетровай зоне ад БелАЭС.