Траіх палякаў абвінавачваюць у збіцці беларусаў

У дачыненні да сямі беларусаў хуліганы выкарысталі слёзатачывы газ, дваіх білі кулакамі, а аднаго – бутэлькай па галаве.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Трое маладых палякаў з Галдапі (Вармінска-Мазурскае ваяводства) абвінавачаныя ў збіцці групы беларусаў. Акруговая пракуратура ў Сувалках адзначае, што інцыдэнт меў прыкметы нацыянальнай дыскрымінацыі, паведамляе Польскае радыё. Палякам пагражае да 7,5 гадоў пазбаўлення волі.
8 красавіка трое жыхароў Галдапі напалі на групу беларусаў, якія жывуць і працуюць у гэтым горадзе. У дачыненні да сямі беларусаў хуліганы выкарысталі слёзатачывы газ, дваіх білі кулакамі, а аднаго – бутэлькай па галаве.
Паліцыя затрымала хуліганаў, якія прызналі сваю віну. Яны сказалі, што ім не спадабалася, што мужчыны размаўляюць «па-руску». Пракуратура прад'явіла ім абвінавачанні ў збіцці і пагрозах на фоне нацыянальнай дыскрымінацыі ў дачыненні да грамадзян Беларусі. Падазраваныя знаходзяцца на свабодзе, пад наглядам паліцыі.
У Галдапі жывуць і працуюць амаль 200 беларускіх грамадзян.