Transparency: Амаль кожны чацвёрты жыхар планеты даваў хабары
Самымі карумпаванымі ў свеце з'яўляюцца паліцэйскія і прадстаўнікі ўлады. Рэкордны паказчык зафіксавалі ў Емене.

Фота: Ридус
Амаль кожны чацвёрты жыхар планеты даваў хабар, калі звяртаўся за дзяржаўнымі паслугамі. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе “Барометр сусветнай карупцыі” міжнароднай арганізацыі Transparency International.
Так, рэкордны паказчык зафіксавалі ў Емене — там у карупцыі прызналіся 77% рэспандэнтаў. Далей ідуць Індыя (69%), В’етнам (65%), Мексіка (51%), Егіпет (50%), Судан і Марока (48%). Ва Украіне такіх аказалася 38%. У Расіі — 34%.
Самымі карумпаванымі апытаныя назвалі паліцэйскіх і выбраных прадстаўнікоў улады. Такога меркавання прытрымліваюцца 36% усіх рэспандэнтаў.
У той жа час 57% мяркуюць, што ўрады іхніх краін дрэнна змагаюцца з карупцыяй. Ва Украіне такіх 86%.