У Туркменістане абвешчана сацспаборніцтва ў падпісцы на дзяржаўныя СМІ

Аналіз апошніх навінаў з нетраў туркменскай вертыкалі дазваляе падазраваць, што адміністрацыя кіраўніка Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедава пачала новую арыгінальную кампанію. У краіне абвешчана спаборніцтва, хто паб’е рэкорды ў падпісцы на дзяржаўныя СМІ сярод рэгіёнаў.

Фота hronikatm.com

Фота hronikatm.com

Пакутуюць ад гэтага, натуральна, простыя людзі, якіх адміністратыўнымі сродкамі прымушаюць падпісвацца на вялікую колькасць выданняў.  У адным з рэгіёнаў раней з работнікаў і бюджэтных, і небюджэтных устаноў раз на паўгода збіралі на падпіску па 100 манатаў (28,6 долара) пры сярэднім заробку ў 1000 манатаў.

Аднак днямі кіраўнік раёна арганізаваў сход з удзелам усіх кіраўнікоў сельсаветаў, прадпрыемстваў і ўстаноў, каб паведаміць пра новыя параметры падпісной кампаніі. Цяпер кожны дарослы жыхар раёна павінен выдаткаваць на падпіску 170 манатаў. Гэта, па словах чыноўніка, дазволіць рэгіёну ўтрымаць высокае месца ў нацыянальным спаборніцтве за самую высокую падпіску.

Але, самае цікавае, што ніхто з падпісчыкаў, прынамсі, калі верыць туркменскім незалежным медыя, тыя газеты не чытае, бо ўсё яны штодня шаблонна распавядаюць пра працу і адпачынак гаранта. Увогуле, падпіска ў Туркменістане — вельмі дзіўнай рэч, паколькі PDF-версіі ўсіх туркменскіх газет і часопісаў публікуюцца на адмысловым сайце, дзе з іх зместам могуць азнаёміцца ўсе жадаючыя.