У Арктыцы ўводзіцца мараторый на камерцыйнае рыбалоўства

Расія і яшчэ восем краін ўзгаднілі мараторый на камерцыйны рыбны промысел ў Паўночным Ледавітым акіяне. Як чакаецца, ён будзе дзейнічаць на працягу 16 гадоў.

arctic.jpg

Акрамя Расіі мараторый падтрымалі ўлады Канады, Кітая, ЗША, Еўрасаюза, Японіі, Ісландыі, Даніі і Паўднёвай Карэі.
Згодна з дакументам, вылаў рыбы забаронены на тэрыторыі плошчай за 2,8 млн квадратных кіламетраў (што прыкладна роўна плошчы Міжземнага мора).
Мараторый ўводзіцца ў якасці прэвентыўнай меры: на сённяшні дзень у арктычнай зоне яшчэ не развіта прамысловае рыбалоўства.
«Гэта той рэдкі выпадак, калі група краін вырашыла праблему яшчэ да яе ўзнікнення», — адзначыў амбасадар ЗША па праблемах акіянаў і рыбнай здабычы Дэвід Болтан.
«У будучыні, калі запасы рыбы будуць дастатковымі для падтрымання камерцыйнага рыбалоўства ў рэгіёне, гэтыя пытанні будуць разгледжаны, і магчыма, у рыбалоўных судоў будуць магчымасці займацца вылавам», — растлумачыў Болтан.
Мараторый быў падтрыманы экаабарончымі групамі.
Як адзначыў прадстаўнік канадскай групы Oceans North Трэвар Тэйлар, рыбы і марскія сысуны ў Арктычным рэгіёне цяпер будуць знаходзіцца пад абаронай.
У мінулым вялікая частка Арктыкі была круглы год пакрыта льдамі, аднак з-за глабальнага пацяплення яны імкліва растаюць, адкрываючы марскім судам доступ у акіян.
Паводле BBC