У Балгарыі знялі ўрад. Прэм'ер краіны абвінаваціў у гэтым Расію

Прэм'ер Балгарыі Кірыл Петкаў абвінаваціў Расію і магутную мафію яго краіны пасля таго, як парламент выказаў вотум недаверу яго ўраду ў сераду.

scale_1200_58.webp


«Гэта галасаванне — адзін маленечкі крок на вельмі доўгім шляху, які мы маем. Я абяцаю, што мы працягнем барацьбу за вяртанне краіны, і аднойчы ў нас будзе Балгарыя без лялькаводаў, без мафіі — нармальная еўрапейская краіна», — сказаў Петкаў пасля галасавання.

Кажучы пра людзей, якія адыгралі важную ролю ў звяржэнні ягонай адміністрацыі, Петкаў назваў расійскую амбасадарку ў Сафіі Элеанору Мітрафанаву і абвінаваціў Расію ва ўплыве на яе ліквідацыю праз дэпутатаў ультраправай партыі «Адраджэнне», паведамляе АФН са спасылкай на Politico.

«Гэта быў гонар для мяне — узначальваць урад, які зрынулі Пееўскі, Барысаў, Трыфанаў і Мітрафанава», — заявіў Петкаў.

Акрамя расійскай амбасадаркі, фігуранты спіса — бізнесовец і былы дэпутат Дзялян Пееўскі, экс-прэм’ер Бойка Барысаў, які ўзначальвае партыю ГЕРБ, што і вылучыла вотум недаверу, а таксама Славу Трыфанаў, кіраўнік партыі «Ёсць такі народ», якая выйшла з урадавай кааліцыі.

Як паведамлялася, парламент Балгарыі прагаласаваў за вотум недаверу і адстаўку кааліцыйнага ўрада Петкава з мінімальнай перавагай. За вотум недаверу прагаласавалі 123 дэпутаты, супраць — 116.

У партыі Петкава цяпер будзе магчымасць паспрабаваць заручыцца падтрымкай дзеяздольнай большасці. Калі гэта не атрымаецца, што здаецца верагодным, у краіне пройдуць чацвёртыя ўсеагульныя выбары з красавіка 2021 года.