У Чэхіі ўлады баяцца расійскага ўмяшання ў выбары
Пры ўрадзе Чэхіі будзе створана ўпраўленне па барацьбе з фэйкавымі навінамі.
Як піша
The Guardian, улады краіны асцерагаюцца, што распаўсюджванне
недакладнай інфармацыі ў інтэрнэце можа паўплываць на вынік парламенцкіх
выбараў, якія пройдуць у кастрычніку 2017 года.
У чэшскім урадзе заяўляюць, што ў краіне дзейнічаюць дзясяткі сайтаў, што распаўсюджваюць фэйкавыя навіны і канспіралагічныя тэорыі. Па здагадцы ўладаў, гэтыя сайты звязаныя з Крамлём, хоць суразмоўцы The Guardian прызнаюць, што даказаць гэтую сувязь няпроста.
Упраўленне па барацьбе з фэйкавымі навінамі стане часткай адкрытага нядаўна Цэнтра па барацьбе з тэрарызмам і гібрыднымі пагрозамі. Яно пачне працу 1 студзеня, яго штат складзе 20 чалавек.
Супрацоўнікаў Упраўлення размесцяць у будынку, у якім Чэхаславацкая паліцыя праводзіла допыты ў часы халоднай вайны.
Пра ўплыў фэйкавых навін на грамадскую думку пачалі казаць пасля перамогі Дональда Трампа на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША. У ходзе кампаніі былі выяўленыя дзясяткі сайтаў, якія распаўсюджвалі ілжывыя звесткі пра кандыдатаў. Сацыяльныя сеткі абвінавачвалі ва ўскоснай падтрымцы фейк, паколькі яны не змагаліся з іх распаўсюджваннем.