У Грузіі — пратэсты супраць фільма пра каханне аднаполай пары

Паказы стужкі «А потым мы танцавалі» шведскага рэжысёра з грузінскімі каранямі прайшлі ў Тбілісі і Батумі.

Пратэсты ў Грузіі, фота mamul.am

Пратэсты ў Грузіі, фота mamul.am

У Грузіі ў пятніцу, 8 лістапада, затрыманыя 28 чалавек, якія выступалі супраць паказу шведска-грузінскай драмы «А потым мы танцавалі» рэжысёра Левана Акіна. Як перадало выданне «Каўказскі вузел», на 24 з іх адміністрацыйныя пратаколы аб дробным хуліганстве і непадпарадкаванні паліцыянтам складзеныя ў Тбілісі, на траіх — у Батумі.
Яшчэ адзін мужчына затрыманы па падазрэнні ў нападзе на актывістку Ганну Субеліані ля сталічнага кінатэатра «Амірані». Дзяўчыну ўдарылі па галаве тупым прадметам, калі яна спрабавала патрапіць на паказ. Лекары наклалі пацярпелай сем швоў.
Па дадзеных выдання, супраць паказаў выступаюць, галоўным чынам, прадстаўнікі Грузінскай праваслаўнай царквы і нацыяналісты.
На думку праціўнікаў прэм'еры, стужка з'яўляецца прапагандай гомасэксуалізму.
На гэтым фоне лідар нацыяналістычнага руху «Грузінскі марш», вядомы сваімі рэзкімі выказваннямі Сандра Брэгадзэ заявіў, што акцыі пратэсту працягнуцца 9 лістапада.
Фільм «А потым мы танцавалі» ураджэнца Стакгольма з грузінскімі каранямі Левана Акіна распавядае пра каханне двух артыстаў Ансамбля народнага танца Грузіі. Упершыню карціну прадэманстравалі ў траўні ў рамках неафіцыйнай праграмы 71-га Канскага кінафестывалю. Яна выклікала цікавасць аўдыторыі і станоўчыя водгукі крытыкаў. Стужка была, у прыватнасці, вылучана на суісканне «Оскара». Пасля прэм'еры больш за 20 краін купілі права на паказ фільма.
dw.com