У Кабуле талібы збілі журналістаў
Чальцы руху «Талібан» збілі некалькіх журналістаў, якія асвятлялі акцыю пратэсту жанчын у Кабуле. Як найменш двое супрацоўнікаў СМІ атрымалі раненні, паведамляе euronews.com.
У чацвер раніцай група прыкладна з дваццаці афганак выйшла на марш пратэсту. Дэманстранткі скандавалі лозунгі: «Праца, хлеб, адукацыя» і «Мы — голас галоднага народа».
Мітынгоўцы заклікалі талібаў адкрыць школы для дзяўчат і дазволіць жанчынам працаваць. Адна з арганізатарак акцыі сказала журналістам, што жанчыны выйшлі на марш, нягледзячы на рызыкі.
Раней намеснік кіраўніка місіі ААН па садзейнічанні Афганістану Метэ Кнудсен заявіла, што эканамічны крызіс у Афганістане можа ўзмацніцца, калі не будуць выконвацца асноўныя правы чалавека — і, у прыватнасці, правы жанчын.