У NATO заявілі, што гатовыя да агрэсіі Расіі

Генеральны сакратар NATO заявіў, што спадзяецца на палітычнае ўрэгуляванне сітуацыі, але гатовы і да горшага сцэнару развіцця падзей, паведамляе korrespondent.net.

natoe3961f7df08.jpg

Генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг заявіў, што Паўночнаатлантычны Альянс гатовы да новага канфлікту ў Еўропе на фоне сцягвання расійскіх войскаў да межаў Украіны. Пра гэта ён сказаў у каментары Financial Times.

Са слоў Столтэнберга, Паўночнаатлантычны Альянс падрыхтаваны да «новага ўзброенага канфлікту ў Еўропе» ў выпадку правалу перамоваў заходніх краін з Расіяй.

«Я ведаю гісторыю Расіі. На працягу стагоддзяў яны мелі канфлікты з суседзямі. Але ў Расіі ёсць альтэрнатыва: супрацоўнічаць, працаваць з NATO», — заявіў Столтэнберг.

Па словах генеральнага сакратара, ЗША і NATO гатовыя абмеркаваць з Расіяй меры па зніжэнні рызыкі канфлікту, такія як «кантроль над узбраеннямі, намаганні па забеспячэнні большай празрыстасці ваеннай дзейнасці і вучэнняў, а таксама па ўсталяванні ліній сувязі».

Столтэнберг падкрэсліў, што разам можна знайсці палітычны шлях вырашэння сітуацыі, аднак рызыка канфлікту захоўваецца. Паводле яго слоў, NATO гатовы імкнуцца да паляпшэння адносін з Расіяй і «ўжо даказаў, што здольны ісці на кампрамісы і знаходзіць з ёй рашэнні».

«Мы павінны спадзявацца і старанна працаваць на лепшае», — сказаў Столтэнберг, але дадаў, што пры гэтым трэба быць гатовымі да горшага.

Столтэнберг таксама не выключыў, што дыпламатыя з Расіяй пацерпіць паразу. Пры гэтым ён падкрэсліў, што новая агрэсія супраць Украіны будзе мець значныя наступствы і будзе дорага каштаваць Расіі.

Раней Столтэнберг заявіў, што кампраміс з РФ магчымы, але NATO не будзе адмаўляцца ад прынцыпу «адкрытых дзвярэй».