У Польшчы ў прысутнасці прадстаўніка ўлады разабралі помнік воінам УПА

У сяле Грушовічы ў Падкарпацкім ваяводстве Польшчы 26 красавіка разабралі помнік ваярам Украінскай паўстанцкай арміі, пабудаваны на мясцовых могілках 23 гады таму.

0f04bcf6_865b_49dd_8c15_41338cd168cf_w1023_r1_s.jpg

Сяло Грушовічы знаходзіцца побач з горадам Пшэмысль, дзе ёсць вялікая ўкраінская грамада. Як паведамляе мясцовы сайт Portalprzemyski.pl, манумент, пастаўлены мясцовымі ўкраінцамі, дэмантавалі дзеячы польскіх нацыяналістычных арганізацыяў.
Падчас працэсу разбурэння помніка на могілках прысутнічаў стараста грамады, на тэрыторыі якой размешчаныя Грушовіцкія могілкі. Помнік разбурылі з дазволу мясцовых уладаў як «нелегальна ўстаноўлены». Маладыя людзі ў чорных футболках з намаляванай на іх «антыбандэраўскай» сымболікай знялі з манумента металічны трызубец, а сам помнік разабралі на фрагменты. Дзеячы нацыяналістычных арганізацыяў абяцаюць прадоўжыць дэмантаж «нелегальных абʼектаў, прысьвечаных УПА».
Пратэст з нагоды дэмантажу помніку на могілках у Грушовічах выказала Абʼяднанне ўкраінцаў Польшчы. У сваёй заяве арганізацыя назвала падзеі ў сяле Грушовічы «чарговай антыўкраінскай правакацыяй». Абʼяднаньне ўкраінцаў Польшчы адзначае, што дэмантаж украінскага манумента ажыццёўлены за два дні да 70-годздзя апэрацыі «Вісла» (высяленьне няпольскага насельніцтва з паўднёвага ўсходу Польшчы на поўнач і захад). Цэнтральныя мерапрыемствы, прысвечаныя гэтай сумнай для ўкраінцаў даце, праходзяць у Пшэмыслі з 28 красавіка па 1 траўня. Абʼяднанне ўкраінцаў Польшчы заклікала польскі ўрад да рашучай рэакцыі на антыўкраінскую правакацыю і да процідзеяння знявазе нацыянальнай годнасці ўкраінцаў.
Пратэст выказала і Міністэрства замежных спраў Украіны, паведамляе vesti-ukr.com.
"Гэта адкрытая правакацыя напярэдадні 70-й гадавіны злачыннай акцыі Вісла — відавочна, з мэтай адцягнуць увагу ад гэтай сумнай даты. У нашых агульных інтарэсах спакойна ўрэгуляваць гэтую сітуацыю, комплексна, у прававым полі, каб у далейшым не было дзеянняў падобнага роду", — гаворыцца ў заяве, апублікаванай на афіцыйным сайце міністэрства.
Таксама МЗС паведаміла пра намер звернецца да польскага боку за афіцыйнымі тлумачэннямі.
На працягу некалькіх апошніх гадоў помнік ваярам УПА ў Грушовічах неаднаразова пашкоджвалі і апаганьвалі — аблівалі фарбай, распісвалі вульгарнымі і антыўкраінскімі надпісамі. Інфармацыя пра гэтыя акты вандалізму імгненна з'яўлялася на інтэрнэт-сайтах прарасійскіх сепаратыстаў на Данбасе.
Паводле svaboda.org