У самым старым горадзе Нарвегіі знайшлі шахматную фігуру XIII стагоддзя

Спецыялісты з Нарвежскага інстытута даследаванняў культурнай спадчыны пры раскопках самага старога горада Нарвегіі — Цёнсберг — выявілі рэшткі забудовы XIII стагоддзя, дзе ім удалося знайсці шмат прадметаў побыту. Быў знойдзены невялікі цыліндрычны прадмет, выразаны з косткі. Даследаванне паказала, што гэта шахматная фігура.

chess_1.jpg

Фігура вышынёю тры сантыметра і дыяметрам 2,6 сантыметра мае невялікі клінаваты выступ і пакрыты выразанымі малюнкамі ў выглядзе колаў з кропкай усярэдзіне. Мяркуецца, што ўнутры фігуркі ёсць свінцовы груз, які забяспечваў ёй ўстойлівасць на дошцы. Такое афармленне адпавядае арабскім узорам шахмат часоў дынастыі Абасідаў. Мяркуючы па знешнім выглядзе, гэта шахматны конь. Археолагі не могуць пакуль вызначыць, ці была гэтая шахматная фігура выраблена ў краінах Усходу альбо яе зрабілі ўжо ў Еўропе, гуляючыся з арабска-персідскімі ўзорамі.
Шахматы, або, як тады называлі іх арабы, шатрандж, праніклі ў Еўропу ў XI стагоддзі праз Пірэнейскі паўвостраў, а ўжо праз стагоддзе набылі шырокую папулярнасць. Ад сучасных шахмат гульню тых часоў адрознівалі тры рысы. У іх адсутнічала ракіроўка. Ферзь быў вельмі слабай фігурай і мог хадзіць толькі на адно поле па дыяганалі. А слон таксама рухаўся па дыяганалі, пераскокваючы праз адно поле, але не далей. Гульня дасягнула Скандынавіі і палюбілася вікінгам, пра шахматы можна нярэдка сустрэць згадкі ў сагах. Самая старажытная шахматная фігура на тэрыторыі Скандынаўскага паўвострава была знойдзена ў шведскім горадзе Лунд. Яна адносіцца да XII стагоддзя і таксама вонкава абыгрывае фігуры арабскага шатранджа. Таксама падобныя знаходкі рабіліся ў нарвежскім Бергене.
Найбольш вядомымі скандынаўскімі шахматнымі фігурамі сталі знаходкі з выспы Люіс ў архіпелагу Знешнія Гебрыды ля берагоў Шатландыі. Сярод іх былі восем каралёў, восем ферзяў, дванаццаць ладдзей, пятнаццаць біскупаў (гэта значыць сланоў), пятнаццаць коннікаў (коней) і дзевятнаццаць пешак. Магчыма, яны належалі гандляру, які прадаваў шахматныя камплекты. Навукоўцы мяркуюць, што шахматы з выспы Люіс былі вырабленыя ў XII стагоддзі ў нарвежскім Трандхейме.
Паводле Pro Science