У Сірыі абстралялі расійскае пасольства
У сірыйскім Дамаску абстралялі раён, дзе знаходзіцца расійскае пасольства.
Пра гэта паведамляе Радыё Свабода са спасылкай на сірыйскае дзяржаўнае інфармагенцтва SANA.
Паводле паведамлення выдання, адзін з снарадаў трапіў у комплекс будынкаў дыппрадстаўніцтва, нанёсшы шкоду, яшчэ адзін — разарваўся побач з пасольствам.
Па дадзеных SANA, сем чалавек былі траўмаваныя ў выніку абстрэлаў ў жылым раёне непадалёк ад месца размяшчэння пасольства Расіі.
Пакуль ні адзін з бакоў канфлікту ў Сірыі не ўзяў на сябе адказнасць за абстрэл. Паўстанцы, якія змагаюцца з падтрымоўваным Масквой рэжымам прэзідэнта Башара Асада, раней ужо цэлілі ў пасольства Расіі.
Арганізацыя «Сірыйская абсерваторыя па правах чалавека», якая базуецца ў Вялікабрытаніі, 16 ліпеня заявіла, што ў шасцігадовай грамадзянскай вайне загінулі больш за 330 000 чалавек, сярод іх 99 617 цывільных.