У «сакрэтнай» сустрэчы з Трампам-малодшым удзельнічаў расійскі лабіст Ахметшын
У сустрэчы сына прэзідэнта ЗША Дональда Трампа-малодшага з адвакатам з Расіі Наталляй Весяльніцкай у 2016 годзе браў удзел расійскі лабіст Рынат Ахметшын. У размове з агенцтвам Associated Press Ахметшын пацвердзіў факт сустрэчы і тое, што ён «служыў два гады ў контравыведцы ў савецкай арміі».
Паводле амэрыканскіх СМІ, Ахметшын быў супрацоўнікам савецкіх спэцслужбаў, але потым эміграваў у ЗША і цяпер мае падвойнае грамадзянства. Амерыканская тэлекампанія NBC падкрэслівала, што факт прысутнасці такога чалавека на сустрэчы з Трампам-малодшым павінен зацікавіць камітэт па выведцы ў кангрэсе ЗША і спецпракурора Робэрта Мюлера, які ўзначальвае расследаванне ўмяшання Расіі ў выбары прэзідэнта ЗША ў 2016 годзе.
У пятніцу прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў заявіў, што ў Крамлі нічога не ведаюць пра чалавека з імём Рынат Ахметшын.
На днях сын прэзідэнта ЗША паведаміў, што ў чэрвені 2016 году сустракаўся з расійскай юрысткай Наталляй Весяльніцкай, якая прапаноўвала кампрамат на суперніцу яго бацькі на прэзыдэнцкіх выбарах 2016 году, кандыдатку ад Дэмакратычнай партыі Хілары Клінтан. Як стала вядома з апублікаваных СМІ электронных лістоў, Дональд Трамп-малодшы ахвотна пагадзіўся на сустрэчу.
12 ліпеня прэзідэнт Трамп заявіў, што яго сын ні ў чым не вінаваты, пракаментаваўшы на сваёй старонцы ў твітэры словы Трампа-малодшага аб тым, што сустрэча з Весяльніцкай не мела ніякай карысці для перадвыбарчай кампаніі бацькі і таму ён пра яе не распавядаў раней.
Паводле svaboda.org