Украіна: Генпракуратура просіць парламент зняць недатыкальнасць з Саўчанка
Генпракурор Украіны Юры Луцэнка заявіў, што пазафракцыйны нардэп Надзея Саўчанка "асабіста планавала тэракт" у Вярхоўнай Радзе. Ён ініцыяваў зняцце з яе дэпутацкай недатыкальнасці.
Пра гэта ў Facebook паведаміла прэс-сакратар генпракурора Ларыса Сарган.
Сёння, 15 сакавіка, Саўчанка выключылі з парламенцкага камітэта па пытаннях нацыянальнай бяспекі. Да гэтага генеральны пракурор Украіны Юры Луцэнка заявіў, што ў ГПУ ёсць доказы, што Саўчанка планавала, прыцягвала і давала ўказанні аб тым, як правесці тэрарыстычны акт у зале Вярхоўнай рады.
«У следства ёсць неабвержныя доказы, што Саўчанка асабіста планавала, асабіста прыцягвала, асабіста давала ўказанні аб тым, як правесці тэрарыстычны акт тут, у гэтай зале, знішчыўшы баявымі гранатамі дзве ложы — урадавую і службовую, мінамётамі абрынуўшы купал Вярхоўнай Рады і аўтаматамі дабіваючы тых, хто выжыў», — сказаў генпракурор.
Раней Служба бяспекі Украіны выклікала Саўчанка на допыт у рамках расследавання крымінальнай справы ў дачыненні да кіраўніка "Афіцэрскага корпуса" Уладзіміра Рубана, якога падазраюць у падрыхтоўцы тэракту.
Па дадзеных СБУ, Рубан планаваў абстрэл з мінамётаў і гранатамётаў будынкаў Вярхоўнай Рады і Адміністрацыі Прэзідэнта, а таксама ўзброеныя напады на жыллё прэзідэнта Пятра Парашэнкі, кіраўніка МУС Арсена Авакава, экс-прэм'ер-міністра Арсенія Яцанюка і сакратара СНБА Аляксандра Турчынава.
Рубана затрымалі 8 сакавіка 2018 года на лініі размежавання на Данбасе пры перавозцы буйной партыі зброі. 9 сакавіка Рубана арыштавалі на 60 сутак без права ўнясення закладу. Саўчанка заяўляла, што гатова ўзяць Рубана на парукі.
Паводле gordonua.com