У Беларусі з'явілася магчымасць факультатыўна вывучаць украінскую мову ў школах
Міністэрства адукацыі Беларусі 15 сакавіка зацвердзіла навучальную праграму факультатыўных заняткаў «Украінская мова» для V–IX класаў школаў з беларускай і рускай мовамі навучання. паведамляе «Радыё Свабода».
На нацыянальным адукацыйным партале гаворыцца, што мэта адпаведнай праграмы — «фармаваць у навучэнцаў уменні і навыкі нарматыўнай вуснай і пісьмовай украінскай мовы, у аснове якіх элементарныя веды пра асаблівасці ўкраінскай мовы ў параўнанні з рускай і беларускай», а таксама «развіццё пачуцця любові і павагі да ўкраінскага народу, цікавасці да яго мовы, культуры, літаратуры, звычаяў, традыцый».
Пасольства Украіны ў Мінску адзначае, што гэта адбылося ў кантэксце развіцця супрацоўніцтва Украіны з Беларуссю ў сферы адукацыі, пра што гаварылася на леташніх перамовах Аляксандра Лукашэнкі ў Кіеве.
Як паведамляе карэспандэнт “Радыё Свабода”, выкладчыкаў украінскай мовы і літаратуры ўжо рыхтуюць на філалагічных факультэтах ва ўніверсітэтах Мінску і Брэсту. У Мінску і Гомелі цяпер дзейнічаюць курсы ўкраінскай мовы для дарослых і дзяцей, арганізаваныя ўкраінскай дыяспарай.
www.svaboda.org