Украіна спрасціла парадак выдачы віду на жыхарства грамадзянам Беларусі
Украіна спрасціла парадак выдачы віду на жыхарства грамадзянам трэціх краін, якія могуць патрапіць у краіну ў бязвізавым рэжыме. Асабліва актуальна гэта новаўвядзенне для грамадзян Беларусі.
Паведамляецца, што 9 кастрычніка Кабінет Міністраў прыняў пастанову № 933, якая спрашчае выдачу віду на жыхарства пэўным катэгорыям замежнікаў. Цяпер грамадзяне іншых краін, з якімі ва Украіны дзейнічае пагадненне аб бязвізавым уездзе, могуць падаць дакументы на афармленне віду на жыхарства без выезду з краіны ў сувязі са змяненнем мэты ўезду.
«Асабліва актуальным гэтае пытанне з’яўляецца для грамадзян Рэспублікі Беларусь, спецыялістаў у галіне ІТ-тэхналогій, якія толькі працаўладкаваліся ва Украіне, і членаў іх сем’яў», — гаворыцца ў паведамленні.
Дакументы для афармлення віду на жыхарства без выезду за межы Украіны падаюцца, як і раней, — не пазней чым за 15 рабочых дзён да завяршэння дазволенага тэрміну знаходжання.
У той жа час спрошчанае афармленне не тычыцца грамадзян Расійскай Федэрацыі.
Нагадаем, раней прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў указ аб падаўжэнні тэрміну часовага знаходжання ў краіне для IT-спецыялістаў з Беларусі да 180 дзён.
У той жа час прэм’ер-міністр Дзяніс Шмыгаль заяўляў, што Украіна гатовая аказаць дапамогу беларусам, якія адчуваюць ціск у сваёй краіне.
Паводле РБК-Украіна