Украіна стварае аўтарытарызм знізу

Украіна — наша суседка, блізкая і зразумелая культурна і ментальна. Цяпер жа, як ацэньваюць эксперты, яна можа займець і падобную да беларускай палітычную мадэль. Якія шанцы маюць кіраўнікі дзвюх дзяржаў на збліжэнне ў межах праекту «сяброўства супраць Расіі», і што новае пабачылі ўкраінцы на нядаўніх парламенцкіх выбарах, журналісту НЧ Вользе Хвоін распавядае кіраўнік сацыялагічнай службы «Украінскі барометр» Віктар Небажэнка.



niebozienko.jpg

Віктар Небажэнка

— Гэтыя выбары ў Вярхоўную Раду былі падобныя на вайну «ўсе супраць усіх», такі варыянт халоднай грамадзянскай вайны. Я дваццаць гадоў займаюся выбарамі, але цяпер мы пабачылі новыя тэхналогіі. Найперш я кажу пра подкуп людзей. Сацыялагічныя даследаванні паказалі, што свае галасы прадалі блізу 15% насельніцтва, гэта ж не адбывалася гвалтам, людзі добраахвотна прадавалі свой голас. Вось такая новая з’ява. Быў і подкуп сябраў камісіі, выкарыстоўваўся адміністрацыйны рэсурс. Незвычайнай была і вялікая колькасць гвалту, запалохвання прадстаўнікоў апазіцыі.


Праблема ў тым, што фармаванне аўтарытарызму ў нас адбываецца знізу. Вялікая колькасць негатыўных фактараў мае сваю адметнасць: ніхто нічога не баяўся. Калі раней асцерагаліся, што пракуратура завядзе крымінальную справу, могуць прыцягнуць да адказнасці, то цяпер панавала ўсеагульная беспакаранасць. Размова ідзе не толькі пра дэградацыю нормаў і правіл, але і пра дэградацыю дзяржаўных інстытутаў. Таму важны не вынік выбараў, а той факт, што выбары як працэдура мелі характар масавага згвалтавання, нейкай вакханаліі.


— Беларуская экспертная супольнасць схільная бачыць прыкметы «лукашэнізацыі» Украіны. Разам з тым многія ўкраінскія аналітыкі, палітолагі аспрэчваюць гэта, кажуць, што беларускі сцэнар немагчымы ў сілу гістарычных, культурных, эканамічных умоў.


— Гэта не значыць, што мы не выпрацуем сваю мадэль аўтарытарызму. Але той факт, што ўлады ўмеюць арганізаваць выбары так, як ім патрэбна, і дамагчыся пэўнага выніку, сведчыць акурат пра пачатак аўтарытарнай мадэлі. Украіна сапраўды складаецца з некалькіх «Украінаў», і немагчыма адну мадэль прымяніць да Луганску і Львова. Таксама ў нас ёсць магутныя геапалітычны фактар унутры палітыкі. У нас працуюць шматлікія НДА, замежныя фонды, многія чыноўнікі ездзяць за мяжу, што ёсць пэўным прывілеям для іх. Новы склад парламента найперш пачне ездзіць на розныя сустрэчы ў Брусэль, ім гэта прыемна. Адпаведна, пагрозу візавых санкцый з боку ЕС у нас успрымаюць вельмі негатыўна. Калі вы трымаеце свае капіталы ў еўрапейскіх банках, калі вашы дзеці вучацца-жывуць у Еўропе, то страта шэнгенскай візы выглядае куды больш моцным пакараннем за рашэнні ўкраінскага суда.

str_6_varoty_1.gif


Мяркую, калі ў нас пачнуць сур’ёзна выбудоўваць мадэль аўтарытарызму, то, хутчэй за ўсё, будуць шукаць агульную мову з Лукашэнкам, бо ў нас аднолькавыя праблемы: ціск Расіі і Захаду. У выпадку ізаляцыі Украіны Януковіч можа пачаць сябраваць з Лукашэнкам супраць агульных «ворагаў». Гэта як два разбітых сэрцы, якія знаходзяць паразуменне. Я без іроніі цяпер кажу. Больш таго, падобнае геапалітычнае аб’яднанне Украіны і Беларусі супраць Расіі можа быць пазітыўна ацэненае Еўропай.


Але я адзначу, што нашым наваяўленым дыктатарам не абавязкова можа стаць Віктар Януковіч, ён можа ўсяго толькі рыхтаваць прадвесніка. Бо нават тым жа алігархам патрэбны аўтарытарны кіраўнік, толькі гэтую мадэль яны бачаць у выглядзе «акцыянернага таварыства».


— Перад парламенцкімі выбарамі віцэ-прэм’ер Украіны гаварыў, што ў хуткім часе Украіна пройдзе «кропку незвароту», то бок можа быць падпісанае пагадненне аб Асацыяцыі з ЕС, і Украіна пачне «хуткімі тэмпамі без аглядкі рухацца ў еўрапейскую супольнасць». Ці сапраўды бліжэйшым часам па-за паўднёвымі межамі Беларусі з’явяцца тэрыторыі Еўрасаюза?


— Мяркую, да лета гэтай дамовы мы не падпішам. Але і перспектыў уступлення ў Мытны саюз Беларусі, Расіі, Казахстана ў нас таксама мала. Украінскія алігархі вельмі баяцца трапляць у залежнасць ад маскоўскіх чыноўнікаў. Не для таго фарміравалася ўкраінская незалежнасць, каб Масква нам дыктавала норму прыбытку і структуру ўласнасці. Гэта наш буйнабуржуазны нацыяналізм, які не залежыць ад паходжання багатых людзей. Адпаведна, і Масква не хоча інтэграцыі на падобных украінскіх умовах.


Для Еўропы важная не дэмакратыя, а геапалітыка. Мы працяглы час думалі, што галоўным ёсць дэмакратычныя каштоўнасці, але гэта не так. Цяпер Украіна — абавязковы фактар для Расіі і Еўрасаюза. Набліжэнне Украіны да ЕС ёсць нейкім доказам, што Еўропа цэласная і моцная — адпаведна, перамовы аб Асацыяцыі будуць працягвацца.


Бліжэйшым часам Украіна будзе вагацца паміж Захадам і Усходам, але гэта не палітыка шматвектарнасці. Напрыклад, Кучма спрабаваў дамаўляцца і з Захадам, і з Расіяй. Цяпер я б назваў нашу знешнюю палітыку геапалітычнай ізаляцыяй. Але гэта злуе Захад і Усход. І ў рэальнасці можа быць варыянт развіцця падзей, падобны да румынскага. Я разважаю асцярожна, але неяк сітуацыя мусіць вырашыцца, бо не можа ў цэнтры Еўропы «завіснуць» краіна з пазыкамі, блізкімі да ВУП.


Вашаму кіраўніку не трэба быць вялікім інтэлектуалам, каб ведаць і разумець, што адбываецца ў абласцях. У нас жа кіраваць паводле аднаго падыходу Крымам і Львовам, Харкавам і Днепрапятроўскам складана. Немагчыма ў нас кіраўніцтва па аналогіі з калгасам.


— У такім разе, які магчымы выхад у беларускай сітуацыі?


— Бацькам геапалітычнай сітуацыі ўсё адно з’яўляецца Пуцін. Змяніць уладу ў Беларусі не ёсць самамэтаю для Крамля. Гэта насамрэч зусім не складана, пытанне ў тым, як не згубіць ініцыятыву, выпусціўшы на свабоду дэмакратычныя сілы. Вырашэнне пытання змены ўлады ў Беларусі для ўсёмагутнага Крамля можа заняць тры тыдні падрыхтоўкі і тыдзень дзеянняў, але як падпарадкаваць беларускія апазіцыйныя сілы?


— Як на геапалітычныя арэлі глядзяць грамадзяне Украіны?


— Мы праводзілі даследаванне грамадскай думкі, і вынік вельмі цікавы — можа быць крыху шызафрэнічны, але па-чалавечы зразумелы. Мы хочам сябраваць з Расіяй, але не ўступаць пад юрысдыкцыю Расіі. Мы хочам ездзіць у Еўропу і карыстацца яе цывілізацыйнымі дабротамі, але захаваць сваю самастойнасць.

Меркаванні


Ірына Бекешкіна, сацыёлаг:

csc_5205.jpg


— Арыентацыя на Захад ці Усход даўно стала маркерам, які падзяліў Украіну: адны выступаюць за еўраінтэграцыю, другія — за цесныя стасункі з Расіяй, уступленне ў Мытны саюз. Украіна традыцыйна падзеленая прыблізна 50 на 50 паводле моўнага пытання і знешнепалітычнай арыентацыі. Паводле сацыялагічных даследаванняў, большасць украінцаў хацелі б адначасова і ў Еўропу інтэгравацца, і з Расіяй умацоўваць адносіны.

Але, калі мы ставім пытанне «альбо-альбо», то суадносіны 50 на 50. Моладзь больш хоча ў Еўропу, гэта тычыцца нават маладых людзей з Усходняй Украіны. Сярод прадстаўнікоў сталага пакалення больш тых, хто сімпатызуе Расіі. Дарэчы, гэтыя сімпатыі ў нас амаль не залежаць ад прапаганды, адносіны да NАТO фарміруюць СМІ, а геапалітычныя схільнасць — не.

Святлана Кананчук, палітолаг:

kononchuk.jpg


— Ва Украіне моцныя прарасійскія сімпатыі, бо ў тутэйшых жыхароў ёсць і родныя, і працоўныя стасункі ў Расіі. Таму любыя спробы заявіць, што на ўсходзе Украіны будзе мяжа па аналогіі з заходняй, не знаходзяць водгуку. Напэўна, таму і тэмпы нашай інтэграцыі з Расіяй пад пытаннем. Разам з тым у нас усе вядучыя палітычныя сілы, пачынаючы ад праўладнай Партыі рэгіёнаў, арыентаваныя на тое, каб Украіна стала сябрам ЕС, каб была падпісаная Асацыятыўная дамова, што дазволіць зняць візавыя бар’еры і стварыць адзіны рынак. Гэта ўспрымаецца ўкраінцамі як вялікая каштоўнасць.


Можа, нехта і хацеў бы, каб Украіна ўступіла ў Мытны саюз Расіі, Беларусі, Казахстана. Але перашкода вось у чым: уступленне ў гэты саюз пазбавіць нашых алігархаў той ступені свабоды, да якой яны прызвычаіліся, да прыбыткаў, якія яны прывыклі атрымліваць. То бок уступленне ў Мытны саюз найперш пагражае ім палітычнай несвабодай, а еўрапейскія рынкі куды больш ёмкія і прывабныя для ўкраінскіх бізнэсоўцаў.