Ва ўкраінскіх школах акупаваных Расіяй тэрыторый рыхтуюць русіфікацыю
У школах, размешчаных на акупаваных расійскімі войскамі тэрыторыях Украіны, з наступнага навучальнага года будзе ўкараняцца «русіфікаваная» праграма. Пра гэта паведамляе ўкраінская служба РС і шэраг іншых СМІ — са спасылкай на мясцовых жыхароў, якія расказалі пра тое, што адбываецца.
У прыватнасці, як сцвярджаецца, ад украінскіх настаўнікаў патрабуюць пераходу на расійскую сістэму навучання пад пагрозай звальнення і іншых рэпрэсій. Бацькам за адмову навучаць дзяцей па «русіфікаванай» праграме пагражаюць праблемамі, а настаўнікам з Расіі, у асноўным з заўральскай яе часткі, прапануюць камандзіроўкі ў так званыя «ДНР» і «ЛНР».
Як настаўнікі, так і бацькі з акупаваных рэгіёнаў Украіны распавялі Украінскай службе РС аб шантажы з боку новых падкантрольных Расіі адміністрацый: паводле іх, за адмову аформіць расійскае грамадзянства і паслаць дзяцей у «русіфікаваныя» школы бацькам пагражаюць пакараннямі аж да пазбаўлення бацькоўскіх правоў.
Як паведамляе The Guardian, школьным настаўнікам на акупаваных украінскіх тэрыторыях пад пагрозай звальнення прапануюць падпісаць згоду на навучанне школьнікаў у наступным навучальным годзе паводле расійскай праграмы. Тым самым настаўнікі трапляюць у падвойную пастку: за адмову падпісаць згоду яны могуць быць звольненыя прарасійскім кіраўніцтвам, а таксама зазнаць іншыя рэпрэсіі. У той жа час з пункту гледжання Украіны настаўнікі, якія падпісалі такую згоду, у выпадку аднаўлення на іх тэрыторыях украінскай улады будуць лічыцца калабарацыяністамі, ім можа пагражаць да трох гадоў турмы.
У самой Расіі ў шэрагу рэгіёнаў настаўнікам прапануюць камандзіроўкі ў Данецкую і Луганскую вобласці Украіны, «каб забяспечыць падрыхтоўку да новага навучальнага года». Паведамленні аб гэтым паступаюць з Алтая, Бураціі, Новасібірскай вобласці і Прыморскага краю. Афіцыйная Масква лічыць гэтыя ўкраінскія рэгіёны незалежнымі рэспублікамі «ДНР» і «ЛНР».
Таксама Расія праводзіць «перападрыхтоўку» на расійскую школьную праграму настаўнікаў з гэтых рэгіёнаў. Міністр асветы РФ Сяргей Краўцоў заявіў, што з 1 верасня школы «ЛНР» і «ДНР» пачнуць працаваць па расійскай адукацыйнай праграме і расійскіх падручніках. Паводле яго, 865 школ ужо завяршылі мінулы навучальны год па расійскіх адукацыйных стандартах, а ў новы навучальны год з расійскай праграмай павінны ўступіць 1120 раней украінскіх школ.
Таксама ён паведаміў, што больш за пяць тысяч настаўнікаў з так званых «ДНР» і «ЛНР» ужо прайшлі перанавучанне на расійскую праграму, агулам у бягучым годзе плануецца перанавучыць 15 000 настаўнікаў.
Акрамя тэрыторый, падкантрольных «ДНР» і «ЛНР», на расійскую праграму хочуць пераводзіць і школы ў іншых рэгіёнах Украіны, якія расійскія войскі ўзялі пад кантроль вясной гэтага года — Херсонскай вобласці, часткі Запарожскай і Харкаўскай абласцей. Навучанне мяркуецца весці на расійскай мове, украінская, як паведамляецца, застанецца ў якасці аднаго з прадметаў.
Па звестках Генпракуратуры Украіны, за час вайны ва Украіне пацярпела 1971 школа, 194 школы былі цалкам разбураны.