Вайна з канчаткамі прывяла да дэфолту

Пакуль казахі спрабавалі зразумець, што за муха ўкусіла іхняга гаранта выступіць з ідэяй перайменавання дзяржавы, у краіне адбыўся дэфолт.



d4e522d2fa6bdae8551084aaa617cf3a_672.jpg

6 лютага Нурсултан Назарбаеў наведаў Атыраўскую вобласць. Знешне працоўная паездка прэзідэнта стала гістарычнай падзеяй. Елбасы прапанаваў змяніць назву краіны. Краіна, на яго думку, павінна называцца «Казах Елі» (па-казахску «Зямля Казахаў»). «У назве нашай краіны ёсць канчатак «стан» — як і ў іншых дзяржаў Цэнтральнай Азіі. У той жа час замежнікі выяўляюць цікавасць да Манголіі, насельніцтва якой складае ўсяго два мільёны чалавек, пры гэтым у яе назве адсутнічае канчатак «стан». Магчыма, трэба разгледзець з часам пытанне пераходу на назву нашай краіны «Казах Елі», але перш варта абавязкова абмеркаваць гэта з народам», — цытуюць Назарбаева шматлікія СМІ.

Гэта не першая прапанова змены назвы. У 2011 годзе з’яўляліся паведамленні пра тое, што казахскія гісторыкі прапанавалі называць краіну як «Казакстан» — гэта значыць «краіна вольных». А ў сакавіку 2013-га ў інтэрнэце з’явілася ініцыятыва аднаго з казахстанскіх блогераў пра пераназванне краіны «з мэтай паляпшэння дзяржаўнага іміджу і забеспячэння прытоку турыстаў і інвестыцый». У прыватнасці, прапанавалася называць дзяржаву Казакстан Ардасы, або Казахская Арда.

Афіцыйныя СМІ ініцыятыву Назарбаева актыўна падтрымалі. «Пераназванне Казахстана можа даць пазітыўныя вынікі. Такім чынам, краіна прыцягне да сябе ўвагу ўсяго свету. Людзі ў шматлікіх краінах адгукаюцца на гучныя ініцыятывы Казахстана, што з’яўляецца добрым момантам», — піша флагман казахскага афіцыёзу «Казправда». Натуральна, падтрымала ідэю і прыдворная інтэлігенцыя. «Стан»— гэта значыць «прыстанак, які мае часовы характар». Калі казахі вырашылі, што вандраваць ім больш няма куды, то можна пераназваць «стан» у «краіну», — мяркуе адзін з яе прадстаўнікоў. Былы намеснік міністра адукацыі і экс-дэпутат парламента Мурат Абенаў назваў прапанову Назарбаева «марай шматлікіх пакаленняў».

Вялікая колькасць каментатараў звязвае ініцыятыву Назарбаева з яго маніяй пераймяноўваюць усё, што толькі магчыма. За апошнія гады краіна перажыла сапраўдную тапаграфічную рэвалюцыю, калі савецкія назвы гарадоў былі пераробленыя на казахскі лад. Напрыклад, Сяміпалацінск стаў Семеем. Нягледзячы на тое, што казахская сталіца тройчы мяняла назву, дасюль перыядычна з’яўляюцца чуткі пра тое, што хутка Назарбаеў зноў назаве яе па-новаму. «Давайце Назарбаева пераназавём, калі ўжо ўсё пераназываюць. Прапаную нават конкурс зладзіць!» — жартуюць блогеры на форумах казнэту.

Вялікая фракцыя грамадзян Казахстану лічаць, што «Казах Елі» гучыць не вельмі мілагучна. «Я грамадзянін Казах Елі. Адкуль прыехалі — з Казах Елі. Гэта не гучыць. Калі я кажу, што я казахстанец, усім усё зразумела», — абураецца адзін з апанентаў рэформы.

Трэба ўзгадаць рэакцыю на заяву Назарбаева ў колах расійскіх філолагаў. Аматары рускай мовы даўно вядуць вайну з філолагамі некаторых былых рэспублік, якія патрабуюць, каб у Расіі назву іх краіны пісалі так, як і на радзіме. Напрыклад, «Беларусь», а не «Белоруссия». А Назарбаеў увогуле паставіў гэтую тусоўку на вушы. Атрымліваецца, што Казахстан давядзецца называць «Зямля казахаў», або ўвогуле «Казахскі народ» (так некаторыя пераводзяць Казах Елі). Пакуль расійскія мовазнаўцы не прыдумалі, што рабіць у выпадку, калі Назарбаеў сапраўды зменіць назву сваёй краіны.

Як і трэба было чакаць, дружна выступілі супраць перайменавання арганізацыі рускамоўных грамадзян Казахстану, якія традыцыйна арыентуюцца на Маскву. На іх сайтах можна наткнуцца на меркаванні наступнага зместу: «Фармулёўка «Казах Елі» хавае ў сабе некаторыя этычныя праблемы, паколькі яна кажа пра тое, што гэта дзяржава казахаў, а не нейкага іншага этнасу. А ў Казахстане пражывае шмат іншых нацыянальнасцяў. Нехта бачыць тут талерантнасць? А можа адзінства? У наяўнасці відавочная дэманстрацыі ролі дамінантнай нацыі».

Як не дзіўна, аднак нацыяналісты ў большасці выступілі супраць пачыну гаранта. На іх думку, назва Казах Елі — вельмі архаічная і па сутнасці стварае апраўданне для ліквідацыі рэспубліканскага ладу і пераходу да адкрытай манархіі. Увогуле, для апазіцыі актыўнасць Назарбаева ў галіне тапаграфіі стала добрай падставай для крытыкі рэжыму. Апазіцыйнае выданне «Республика» адзначае: «Пераназванне звычайна нясе ў сабе вялікія фінансавыя выдаткі, лепш гэтыя сродкі накіраваць на ўздым эканомікі, на паляпшэнне дабрабыту народа — паменшыць інфляцыю, кошт камунальных, транспартных паслуг, зрабіце медыцыну бясплатнай, падніміце пенсію, зарплату лекарам, настаўнікам і інш. Хопіць займацца «голымі рэформамі».

Развязка гісторыі з Казах Елі аказалася абсалютна непрадказальнай. 11 лютага ў краіне адбыўся дэфолт. Тэнге — мясцовая грашовая адзінка — дэвальваваўся на 20 працэнтаў. Пры гэтым, калі меркаваць па зместу інтэрнэт-форумаў, шмат хто, абураючыся дэфолтам, лічыць абавязковым узгадаць і пнуць Казах Елі, з якой так заўзята ўрад насіўся замест таго, каб заняцца больш актуальнымі праблемамі. «Лічыце, што сёння ўрад выкраў у вас больш 20% вашых пенсійных адлічэнняў, вашых заробкаў, а вы ўсё пра нейкі міфічны Казах Елі спрачаецеся», — піша адзін з каментатараў. А вось думка іншага блогера: «Тэнге ўсё ж паваліўся. Можа, лепш не назву краіны змяняць, а памяняць валюту?»

Сітуацыю ў Казахстане каментуе для «Новага Часу» праваабаронца Андрэй Грышын з Алма-Аты: «Тое, што дэфолт практычна супаў з істэрыкай вакол Казах Елі, фактычна пахавала праект. Цяпер любое развіццё ініцыятывы будуць успрымаць як спробу адвесці ўвагу ад праблем эканомікі. Змены назвы не будзе. Верагодна, хутка для кампенсавання незадаволенасці адбудуцца пазачарговыя парламенцкія выбары. Пакуль што ўсё ідзе да гэтага. Валюты ў абменніках няма, шматлікія супермаркеты сёння не працуюць, плёткі ходзяць самыя неверагодныя. І гэта толькі пачатак — на наступным тыдні ўздымаюцца на сто працэнтаў кошты на моцны алкаголь, што яшчэ больш павысіць градус напружанасці ў грамадстве».