Васіль Парфянкоў 2 месяцы будзе знаходзіцца пад хатнім арыштам у Кіеве

Беларус-добраахвотнік Васіль Парфянкоў, затрыманы 9 траўня разам з іншымі 25 прадстаўнікамі добраахвотніцкага батальёну АУН (Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў) падчас масавых акцыяў да Дня перамогі над нацызмам у Другой сусветнай вайне, будзе знаходзіцца 2 месяцы пад кругласутачным хатнім арыштам.

Васіль Парфянкоў

Васіль Парфянкоў


Адпаведнае рашэнне сёння ўночы ўхваліў Пячэрскі раённы суд Кіева, хоць следчыя ды пракуроры прасілі яго ўзяць Васіля Парфянкова пад варту на 2 месяцы, улічваючы яшчэ адну крымінальную справу — пра пагромы ў кіеўскіх аддзяленнях расійскіх «Альфа-банка» і «Сбербанка России», у якой фігуруе Васіль. У гэтай справе Васіль Парфянкоў знаходзіцца пад падпіскай пра нявыезд.
Паводле следства, беларускі добраахвотнік падазраецца ў закліках да ўчынення дзеянняў, што пагражаюць грамадскаму парадку, а таксама ў гвалце ў дачыненні да супрацоўніка праваахоўных органаў.
Васіль Парфянкоў стаў адзіным, у дачыненні да каго суд ухваліў такое рашэнне — усе іншыя затрыманыя аунаўцы былі вызваленыя ў дзень затрымання.
Судовае пасяджэнне цягнулася больш як 9 гадзін — пачалося 10 траўня а 18.00 і завяршылася пасля 3.30 11 траўня. На яго пачатку ў час працэдуры высвятлення асобы падазраванага Васіль Парфянкоў паведаміў, што з'яўляецца грамадзянінам Беларусі і служыць байцом добраахвотніцкага батальёну АУН, нежанаты і ня мае дзяцей.
Паводле хадайніцтва адвакатаў, суд дазволіў Васілю Парфянкову выйсці са «шкляной клеткі» і на працягу ўсяго працэсу знаходзіцца за адным сталом са сваімі абаронцамі. У той жа час будынак суду быў ачэплены вялікай колькасцю байцоў Нацыянальнай гвардыі.
За судовым працэсам назіралі некалькі дэпутатаў Вярхоўнай Рады Ўкраіны — Дзмітры Лінько, Ігар Луцэнка, Сямён Сяменчанка, якія звярнуліся да суду з заявамі, што бяруць Васіля Парфянкова на парукі.
«Сябар, шчырая падзяка табе за подзвіг у абарону Ўкраіны! Прабач, што ў нашай дзяржаве судзяць не яе ворагаў, памагатых акупантаў, а яе найлепшых сяброў, якія за яе ваююць. Судзяць тых, каму, наадварот, трэба даваць ордэны і паважаць. Так будзе не заўсёды!», — напісаў на беларускай мове народны дэпутат Украіны Андрэй Лазавы на сваёй старонцы ў Facebook.
Добраахвотніцкі рух «АУН» плянуе 11 траўня правесці акцыю пратэсту пад Міністэрствам унутраных спраў з патрабаваннем адстаўкі міністра Арсена Авакава.
Раніцай 9 траўня паліцыя заблакавала кіеўскі офіс арганізацыі «Добраахвотніцкі рух АУН», якая планавала перашкодзіць правядзенню акцыі «Несмяротны полк» у Кіеве. Актывісты сабралі «ўсіх патрыётаў», каб «сустрэць вату па-казацку», аднак праз немагчымасць пакінуць памяшканне сталі кідаць з вокнаў бульбу і пакеты з фарбай у калону дэманстрантаў.
Як расказвалі відавочцы, каля дзевяці гадзін раніцы ў напрамку праваахоўнікаў з акна офісу руху паляцела дымавая шашка. Ад яе ніхто не пацярпеў, але адразу пасля гэтага ў памяшканне зайшлі каля двух дзясяткаў паліцыянтаў. Праз паўгадзіны да месца падзеяў прыехала следча-аператыўная група і склала пратаколы аб правапарушэннях у дачыненні да 13 асобаў, з 11 правялі прафілактычныя размовы, а Васіля Парфянкова затрымалі. Паводле следчых, шашку кідаў менавіта Васіль Парфянкоў.
Паводле «Радыё Свабода»