Вашчыкоўскі: Пагрозу з боку Расіі мы адчуваем даўно

Міністр замежных справаў Польшчы адказаў на словы Пуціна наконт размяшчэння ў Польшчы і Румыніі СРА.

Міністр замежных спраў Вітальд Вашчыкоўскі.  Фота: Polskie Radio

Міністр замежных спраў Вітальд Вашчыкоўскі.  Фота: Polskie Radio


Міністр замежных справаў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі заявіў, што элементы супрацьракетнай сістэмы ЗША, будаўніцтва якіх пачалося ў Польшчы, з'яўляюцца адказам Варшавы на агрэсіўныя паводзіны Крамля. Нядаўна пра факт размяшчэння элементаў супрацьракетнай абароны (СРА) ЗША ў Польшчы і Румыніі гаварыў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін.

 

Нагадаем, на днях расейскі лідар заявіў, што Масква прадпрыме крокі ў адказ на размяшчэнне амерыканскай сістэмы ў Румыніі і Польшчы. «Мы будзем прымушаныя адрэагаваць адпаведным чынам. І калі яшчэ нядаўна некаторыя тэрыторыі Румыніі не ведалі, што такое быць пад прыцэлам, то сёння мы прымушаныя выканаць пэўныя дзеянні, якія павінны забяспечыць нашу бяспеку», — сказаў Пуцін падчас візіту ў Грэцыю.

 

Паводле яго слоў, «тое ж самае» будзе і ў Польшчы, паведамляюць нашы калегі з Расійскай службы Польскага радыё. Уладзімір Пуцін лічыць, што размяшчэнне ў Еўропе амерыканскіх пускавых установак, на якія можна пагрузіць ракеты сярэдняй дальнасці, парушае Дамову аб ракетах сярэдняй і малой дальнасці.

 

«Сёння там размяшчаюцца ракеты дальнасцю 500 км, праз некалькі гадоў гэта будуць ракеты дальнасці 1000 км», — сказаў прэзідэнт Расіі.

 

Ён заявіў, што ў Маскве нават ведаюць прыкладныя тэрміны, калі гэтыя ракеты будуць пастаўлены на ўзбраенне, падкрэсліўшы, што такая сытуацыя пагражае расейскім ядзерным сілам.
Уладзімір Пуцін непакоіцца, што «на гэтыя кампактныя ўстаноўкі могуць быць пагружаныя ўдарныя ракеты прама цяпер, а гэта — дальнасць 2400 км».
«Замяніць адну ракету на іншую не ўяўляе ніякай праблемы. Дастаткова толькі памяняць праграмнае забеспячэнне, і ніхто гэтага не заўважыць, нават румыны», — сказаў кіраўнік расійскай дзяржавы.
Сёння на словы Пуціна адрэагаваў міністр замежных справаў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі. У эфіры інфармацыйнага тэлеканалу TVN24 кіраўнік знешнепалітычнага ведамства краіны сказаў, што элементы амерыканскай СРА ў Польшчы — гэта адказ на пагрозы Расіі, з якімі Польшча сутыкаецца ўжо даўно.
В.Вашчыкоўскі адзначыў: 


— Пагрозу з боку Расеі мы адчуваем даўно. І амерыканскі антыракетны шчыт у Польшчы з'яўляецца адказам на гэтыя пагрозы, прысутнасць войск ЗША і войск NATO — гэта адказ на пагрозы Крамля. Я таксама спадзяюся, што на саміце Паўночнаатлантычнага пакту, якія праз 39 дзён пройдзе ў Варшаве, будуць прынятыя важныя рашэнні наконт узмацнення натаўскіх сіл у Польшчы.
Я хачу зазначыць, што гэта не мы мяняем характар міжнародных адносін. Гэта Расіі іх мяняе: гэта Расія мяняе правілы геапалітычнай гульні ў Еўропе. А мы проста адказвае на агрэсіўныя паводзіны Расіі.
NATO не ваюе ўжо даўно: апошні раз пакт прымаў удзел у аперацыі на Балканах. А вось Расія цягам васьмі апошніх гадоў вядзе трэцюю вайну: гэта Грузія, Украіна і Сырыя. Я хачу таксама нагадаць пра інцыдэнты супраць амерыканскіх караблёў, якія прымаюць удзел у вучэннях на Балтыцы. Такім чынам, мы адказваем на пагрозу Пуціна, патрабуючы пастаяннай прысутнасці войск NATO на тэрыторыі Польшчы.

Міністр Вашчыкоўскі таксама дадаў, што акрамя войск NATO Варшава бачыць на сваёй тэрыторыі стварэнне складоў амерыканскай зброі ды разведвальных ды пошукавых цэнтраў.


www.radyjo.net