Вашынгтон прымае эстафету Мiжнароднага ланцугу салiдарнасцi

У нядзелю, 23 жнiўня, у амерыканскай сталiцы пройдзе беларуска-балтыйскi ланцуг салiдарнасцi з народам Беларусi.

freedom_way_2020.jpg


Акцыя стартуе апоўднi, у той жа самы час, як жывы ланцуг пачне фармавацца ад Вiльнi да беларускай мяжы.
“Патронам вашынгтонскага мерапрыемства з'яўляецца Надзвычайны й Паўнамоцны Пасол Літоўскай Рэспублікі ў ЗША Раландас Крышчунас. Беларускi ўдзел каардынуе Вашынгтонскi аддзел Беларуска-Амерыканскага Задзiночання (БАЗА), а таксама суполка “Беларусы ЗША. Разам лягчэй”, — паведамiў адзiн з арганiзатараў ланцугу беларуска-амерыканскi праваабаронца Вячаслаў Бортнiк. — Жывы ланцуг расцягнецца ад лiтоўскай амбасады да беларускай, памiж якiмi прыблiзна 1,5 кiламетры. Большая частка ланцугу будзе месцiца на адной з галоўных вулiц Вашынгтона, што йдзе да самога Белага дому, дык нашую акцыю будзе вельмi добра вiдаць жыхарам ды гасцям сталiцы”.
Акрамя беларусаў i лiтоўцаў, у акцыi плануюць браць удзел прадстаўнiкi эстонскай, латышскай ды ўкраiнскай дыяспараў.
БАЗА заклікае ўрад ЗША адмовіцца прызнаць вынікі сфальсіфікаваных выбараў 9 жніўня; запатрабаваць ад Беларусі правядзення новых і сумленных выбараў; запатрабаваць неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў; запатрабаваць неадкладнага расследавання ўсіх выпадкаў гвалту над мірнымі ўдзельнікамі пратэстных акцыяў і прыцягнуць вінаватых да адказнасці; згодна з Актам аб дэмакратыі ў Беларусі й Актам Магніцкага, увесці санкцыі ў дачыненні да ўсіх асоб, адказных за фальсіфікацыю выбараў і жорсткае абыходжанне з мірнымі ўдзельнікамі акцыяў пратэсту; захоўваць актыўную дыпламатычную прысутнасць у Беларусі, у тым ліку шляхам адпраўкі пацверджанага Сенатам пасла ЗША ў Беларусі, як толькі гэта магчыма, улічваючы, што падобная адпраўка не можа быць зроблена, калі неабходныя дзеянні прэзідэнта Беларусі, паколькі ў Беларусі няма законнага прэзідэнта.