«З дзецьмі такога адбывацца не павінна». У Гаазе гучаць гісторыі выкрадзеных маленькіх украінцаў

З пачатку поўнамаштабнага ўварвання ў лютым 2022 года Расійская Федэрацыя прымусова дэпартавала каля 20 тысяч украінскіх дзяцей (і гэта толькі афіцыйныя лічбы). Праца па іх вяртанні вядзецца няспынна, але вельмі павольна: нападнікі не жадаюць выдаваць скрадзеных дзяцей.

Выратаваныя ўкраінскія дзеці і міністарка замежных спраў Нідэрландаў Ханке Бруіс Слот. Фота: Офіс амбудсмена Украіны

Выратаваныя ўкраінскія дзеці і міністарка замежных спраў Нідэрландаў Ханке Бруіс Слот. Фота: Офіс амбудсмена Украіны

«Прыляцела ў суседні дом. Маму параніла ў галаву. Мяне — у нагу. Яна памерла на наступны дзень. Суседка пахавала яе ў нас у двары. А па мяне прыйшлі расійцы»

Калі Іллю было дзевяць гадоў, на яго вачах у акружаным расійскімі войскамі Марыупалі вясной 2022 года загінула яго мама. Хлопчыка даставілі ў бальніцу Данецка.

Цяпер Іллю адзінаццаць. Ён сядзіць насупраць міністра замежных спраў Нідэрландаў у Гаазе і расказвае сваю гісторыю — што ён перажыў у Марыупалі, як лячыўся, а яму не дазвалялі кантактаваць з бабуляй і абяцалі знайсці яму новую сям'ю ў Расіі, піша «Бі-бі-сі».

Паводле звестак украінскіх уладаў, з пачатку поўнамаштабнага ўварвання расійцы выкралі і дэпартавалі з Украіны дзясяткі тысяч дзяцей.

Устанавіць іх дакладную колькасць немагчыма, паколькі частка краіны дагэтуль акупаваная. Паводле звестак украінскага партала «Дзеці вайны», удалося ўстанавіць імёны і абставіны выкрадання блізу 20 тысяч дзяцей. Гэта тыя, каго дэпартавалі ў Расію.

Уладзімір Пуцін называе гісторыю з выкраданнем дзяцей «раздзьмутай». «Мы тлумачым, што выкрадання не было, былі спробы і канкрэтныя дзеянні па выратаванні дзяцей з зоны баявых дзеянняў», — сказаў ён у ліпені.

Улады Украіны лічаць, што з 20 тысяч вывезеных дзяцей вярнуць удалося толькі 400.

Ілля — адзін з іх.

У Гаазе пачалася інфармацыйная кампанія «BringKidsBackUA», закліканая прыцягнуць увагу да выкрадання дзяцей. Шасцёра дзяцей з Марыупаля і Харкаўскай вобласці, якіх забралі расійскія вайскоўцы, а затым вярнулі ва Украіну, прыехалі ў Нідэрланды.

Ім ад 11 да 17 гадоў. У кожнага свая страшная гісторыя.

У Гаазе ў іх шырокая праграма: інтэрв'ю замежным СМІ, здымкі ў ток-шоу, зносіны з палітыкамі, выступленні на прэс-канферэнцыі.


Глядзіце таксама

«Я тут, каб вярнуць і іншых дзяцей»

«Калі вы чуеце гэтыя лічбы — 20 тысяч выкрадзеных дзяцей... Гэтыя лічбы — гэта дзеці. Гэта рэальныя людзі, вось іх гісторыі. Цяпер вы зможаце іх убачыць», — кажа на прэс-канферэнцыі ў Гаазе Марыям Ламберт, сузаснавальніца нідэрландскай дабрачыннай арганізацыі «Orphans Feeding Foundation».

Больш за год Марыям дапамагала эвакуяваць сем'і з дзецьмі з прыфрантавых тэрыторый. Яна ездзіла па людзей ў Саледар, Бахмут, Купянск і Херсон. На працягу апошніх некалькіх месяцаў яе арганізацыя займаецца праблемай выкрадзеных дзяцей. Разам з пасольствам Украіны і амбудсменам яны даставілі некалькіх такіх дзяцей у Гаагу.

«Расія прымусова дэпартуе ўкраінскіх дзяцей. Наша мэта — данесці да свету словы гэтых дзяцей, знайсці людзей і арганізацыі, якія могуць дапамагчы вярнуць дзяцей дадому. Мы хочам, каб людзі паставілі сябе на месца іх бацькоў, на месца сем'яў, у якіх забралі дзяцей. Як бы вы сябе адчувалі, калі б гэта здарылася з вашымі дзецьмі?» — кажа Марыям Ламберт.

Яна запрашае ў залу шасцярых дзяцей, а журналістаў просіць быць асцярожнымі з пытаннямі, каб не траўмаваць іх яшчэ больш.

Журналісты пытаюць у дзяцей, ці разумеюць яны, навошта яны тут. 12-гадовы Саша ў вышыванцы ўсхвалявана адказвае: «Мы тут, каб сказаць вам, што ва Украіне ідзе вайна, а не тое, што мы ўсё гэта выдумалі».

У гэты дзень Саша некалькі разоў раскажа сваю гісторыю журналістам і палітыкам. Як яго разлучылі з маці ў Марыупалі вясной 2022 года. Як ён быў паранены ў вока падчас абстрэлу.

Спрабуючы пакінуць абложаны Марыупаль, Саша з мамай апынуліся ў фільтрацыйным лагеры. Маму павезлі на допыт. Па Сашу ў лагер прыехалі людзі і прадставіліся супрацоўнікамі службы па правах дзяцей Новаазоўска. Хлопчыку паабяцалі, што ён убачыцца з маці крыху пазней.

Але яны не бачыліся ўжо паўтара года.


Глядзіце таксама

З Марыупаля Сашу адправілі ў бальніцу ў Данецк. Там ён выпрасіў у хлопчыка ў палаце тэлефон і патэлефанаваў бабулі. Пажылая жанчына пераадолела мноства перашкод, каб вывезці ўнука з Данецка.

«Калі я вярнуўся ва Украіну, я пачаў цаніць ежу і ваду, таму што ў Марыупалі нам не хапала ежы. Не было ні хлеба, нічога. Але больш за ўсё я цаніў цішыню», — згадвае вайну Саша.

Пасля прэс-канферэнцыі і серыі інтэрв'ю ў расклад дзяцей уваходзіць паездка ў інтэрактыўны Музей дзіцячай кнігі для сустрэчы з міністаркай замежных спраў Нідэрландаў Ханке Бруінс Слот.

У запоўненым кнігамі пакоі яны п'юць кампот, чакаюць міністра, гуляюць на тэлефонах. Калі ім дазволяць пагуляць? Бабуля просіць Іллю не класці локці на стол і паводзіць сябе прыстойна.

Атмасфера раптам мяняецца, калі пачынаецца сустрэча. Міністарка паціснула ўсім рукі і папрасіла расказаць пра сябе. Адна за адной гучаць страшныя гісторыі пра абстрэлы, выкраданни і гібель сваякоў.

Ілля згадвае, як яму ў Данецку абяцалі знайсці новую сям'ю ў Расіі, але бабуля змагла знайсці яго і вывезці.

12-гадовы Саша расказаў гісторыю пра расстанне з мамай. У канцы аповеду, нібы просячы дапамогі ў міністра, ён кажа: «Я спрабую знайсці сваю маму, яе клічуць Казлова Сняжана Міхайлаўна».

Выслухаўшы хлопчыкаў, 14-гадовая Вераніка з Харкаўскай вобласці, калі падышла яе чарга, сказала міністарцы замежных спраў, што ёй няма чаго расказаць: «Са мной не было нічога настолькі дрэннага, як з іншымі. Ну, я была пад акупацыяй, спала ў падвале. Было страшна, калі побач лётаў верталёт і страляў».

«Тое, праз што вы прайшлі, шакуе. Нідэрландскія дзеці такога не адчуваюць. Вы мужныя, вы смелыя і маеце права гаварыць пра гэта. З дзецьмі такога адбывацца не павінна», — адказала ёй міністарка.

І Вераніка працягнула свой аповед. Калі пачалося ўварванне, яна аказалася пад акупацыяй разам са сваёй цёткай. Пазней Вераніку вывезлі ў Расію і змясцілі ў інтэрнат у Ліпецку. На працягу 11 месяцаў маці дзяўчынкі Ніна Уласава, якая служыць ва УСУ, спрабавала вярнуць дзіця, але дзяўчынцы не дазвалялі выехаць з РФ.

«Мяне вадзілі на допыты, таму што мая мама — ваеннаслужачая. Мяне дапытвалі, хоць майго законнага прадстаўніка побач не было», — кажа Вераніка.


Глядзіце таксама

Яна расказвае кіраўніцы МЗС пра тое, што перажыла ў інтэрнаце: «Дзеці там называлі мяне "Бандэрай" і здзекаваліся з мяне. Яны абвінавацілі мяне ў тым, што праз мяне мабілізавалі іх бацькоў. Гаварылі, што я дурная, таму што я ўкраінка».

Толькі ў маі 2023 года яна змагла пакінуць Расію. Цяпер Вераніка жыве з мамай у Кіеве.

Украінскі амбудсмэн Дзмітрый Лубінец, які таксама прысутнічаў на сустрэчы ў Гаазе, кажа, што Вераніка была выратаваная дзякуючы міжнароднаму ціску. Украіна склікала спецыяльнае пасяджэнне Рады Бяспекі ААН, на якім выступіла яе мама.

«Цягам многіх месяцаў рабіліся спробы вярнуць Вераніку, але ўсё было дарэмна. Яны не хацелі аддаваць дзіця, таму што яе маці была ваеннаслужачай. На наступны дзень пасля таго, як яе маці выступіла ў ААН, прыйшоў сігнал, што расійцы гатовыя выдаць дзіця без якіх-небудзь умоў. Бабуля паехала па Вераніку і вывезла яе з Расіі».

Пасля ўсіх сустрэч у размове з «Бі-бі-сі» Вераніка кажа, што трохі стамілася расказваць сваю гісторыю: «Я не пашкадавала, што паехала. Спадзяюся, мы дапаможам многім дзецям».