Электаральны фактар супраць узурпатара

Сяргей Навумчык у сваім ТГ-канале выказаўся пра цынічнае выступленне прадстаўніка рэжыму на трыбуне ААН.

Выступленне прадстаўніка рэжыму ў ААН было вяршыняй цынізму. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Выступленне прадстаўніка рэжыму ў ААН было вяршыняй цынізму. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

— Выказаная ў ААН кіраўніком лукашэнкаўскага МЗС прапанова (фактычна) пра пасярэдніцтва паміж Кіевам і Масквой і яго словы, што «Беларусь, са свайго боку, заўсёды выступала за мір у суседняй краіне і прымала для гэтага ўсе магчымыя меры» — уражваюць сваім цынізмам, — адзначае Сяргей Навумчык.

Да цынізму ўлады ва ўнутраным, так бы мовіць, ужытку ўсе даўно прызвычаіліся, а тут ён вынесены на самую высокую міжнародную трыбуну. Якую прамоўца ператварыў у цыркавую арэну — бо застаецца пасля такіх слоў толькі горка пасмяяцца.


Глядзіце таксама

Гэта сказана пасля таго, як у лютым 2022 Лукашэнка прадаставіў тэрыторыю Беларусі для нападу расійцаў на Кіеў (днямі чуў, як бронетэхніка расійцаў ішла па параненых, але яшчэ жывых украінскіх байцах), як Лукашэнка даў Пуціну аэрадромы, адкуль узляталі самалёты бамбіць украінцаў, бальніцы, дзе лячылі расійскіх забойцаў, рабочых, якія рамантавалі пашкоджаную тэхніку агрэсараў, пасля таго, як КДБісты і ГУБАЗІКаўцы стралялі ў ногі і ламалі косткі беларускім патрыётам, якія спрабавалі спыніць на чыгунцы акупацыйныя эшалоны расійцаў з расійскай ваеннай тэхнікай і расійскімі вайскоўцамі-забойцамі, а ГУБАЗІКаўцы катавалі (і катуюць) тых, хто выходзіў супраць вайны ці хаця б вымавіў «Слава Украіне!».

Пасля таго, як Лукашэнка ператварыў краіну ў вайсковы палігон Расіі, а яе прамысловасць — у прыдатак расійскага ВПК.

Гадоў 25 таму я напісаў, што Лукашэнка для Беларусі куды большае зло, чым Гітлер. Тады гэта выклікала неразуменне нават у многіх апазіцыянераў.

Думаю, на 30-м годзе панавання Лукашэнкі такое сцвярджэнне доказаў ужо не патрабуе.


Глядзіце таксама

Можна было б сказаць пра знішчаную нацыянальную культуру, пра пастаўленую на мяжу вымірання мову, пра дабітыя эканоміку і сістэму аховы здароўя, нарэшце, пра маштабны тэрор. Пра гэта ўжо сказана тысячы разоў.

Але вось пра што мы забываем: ніякі іншы ні ўладар, ні акупант не апускаў Беларусь у такую ўсяленскую ганьбу, як гэта зрабіў Лукашэнка са сваімі памагатымі.

У такіх умовах беларусам у замежжы застаецца адно: спрыяць нацыянальнай культуры і адукацыі (якая на тэрыторыі Беларусі знішчаецца ўсё больш агрэсіўна).

І штодзённа даводзіць і да звычайных людзей, і да грамадскіх дзеячаў, і да палітыкаў, што Лукашэнка — гэта ніяк не беларускі народ. Ён — не выбраны кіраўнік дзяржавы, а значыць — узурпатар.


Глядзіце таксама

Нехта скажа, што гэта вельмі мала. Зусім не. Калі кожны беларус у замежжы пераканае хаця б аднаго свайго знаёмага — гэта ўжо вельмі салідная, вялікая колькасць людзей. Грамадзян сваіх краін, між іншым, — якія галасуюць (ці не галасуюць) за тых ці іншых палітыкаў.

А гэта ўжо будзе тое, што завецца электаральным фактарам.